Loe raamatut: «Полацк – горад памежны»
© Леанід Спаткай, 2024
ISBN 978-5-4496-1272-4
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Памежны фарпост крывічоў
Памежны горад на беразе велічнай ракі… Міжволі хочацца сказаць, што гэта – Брэст. Але не, гутарка ідзе пра горад на Заходняй Дзвіне – Полацк!
Сапраўды, Полацк – гэта не толькі найстаражытнейшы горад Беларусі, але і самая старажытная памежная крэпасць.
Менавіта як памежны фарпост крывічоў на сумежжы латгалаў і літаў і была пабудавана крэпасць Полацк на правым беразе Заходняй Дзвіны ў месцы сутоку з ёй ракі Палаты – па таму часу самым зручным месцы для абароны ад нечаканага нападу.
Першы успамін аб Полацку ў рускім летапісу «Аповесці мінулых часоў» адносіцца да 862 г. і менавіта гэта дата лічыцца пачаткам адліку гісторыі Полацка, але задоўга да гэтага году Полацк пад назвай Palteskia узгадваецца ў старажытных скандынаўскіх сагах і даследванні беларускіх вучоных-археолагаў апошніх гадоў падцвярджаюць звесткі гэтых саг, што Полацк быў заснаваны на 2—3 стагоддзі раней, чым паведамляе рускі летапіс.
За адносна невялікі час пасля свайго заснавання Полацк стаў цэнтрам самастойнага дзяржаўнага ўтварэння, а таксама адным з самых заможных гарадоў Усходняй Еўропы. Ажыццяўляючы бойкі гандль, палачане паступова каланізавалі землі ўздоўж Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Дняпра, Нёмана, Віліі (Вялікай) і іх прытокаў і ўжо ў 11-м стагоддзі плошча Полацкай дзяржавы складала 120—200 га, а на берагах згаданных рэк і іх прытокаў былі ўзведзены памежныя крэпасці-фарпосты Віцебск, Орша, Друцк, Клічаў, Стрэжаў, Тураўля, Камень, Лепель, Лукамль, Востраў, Барысаў, Бярэзіна, Свіслач, Галынка, Гарадзец, Мінск, Лагойск, Дудзічы, Шацк, Слуцк, магчыма – Тураў і Мазыр, Капыль, Візна, Клецк, Нясвіж, Сноў, Вялікая Лука, Кажан-город, Пінск, Здзітаў, Дарагічын, Гарадная, Дзівін, яшчэ адзін Гарадзец, Кобрын, Берасце, Мельнік, яшчэ адзін Дарагічын, Бранск, Бельск, Новы Горад, Полтавеск (Пултуск), Магільна, Турэц, Ноўгорад-Літоўскі, Слонім, Зэльва, Ваўкавыск, Гародня, Юрбурк, Вількамір, Вільня, Панявеж, Расёны, Меднікі, Дзісна, Друя, Брачыслаў, Відзы, Свянцяны.
Полацкае княства ў IX ст.
Полацкае княства ў Х ст.
Полацкае княства. Станіслаў Пахалавіцкі. SDESCRIPTIO DVCATVS POLOCENSIS. 1580 г.
Барысаў камень ля в. Камена Вілейскага раёну. Магчымы памежны знак Полацкай дзяржавы.
З цягам часу, асвойваючы новыя тэрыторыі, полацкія памежныя крэпасці-фарпосты станавіліся гарадамі, якія ўсё менш і менш падпарадкоўваліся Полацку, а затым некаторыя з іх і самі сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў, самымі вядомымі з якіх з'яўляюцца Вільна, Гародня, Віцебск, Друцк, Тураў. Але на тэрыторыі Беларусі і сумежных з ёй краін да цяперашняга часу захаваліся адзнакі памежных пунктаў і рубяжоў Полацкай зямлі: рака Мяжа – левы прыток Заходняй Дзвіны, Рубеж на поўдзень ад р. Мяжы, яшчэ адзін Рубеж, Канец, Сцеражнёва, Рубяжніна, Межнікі на поўдзень ад Стараселля, Рубежнікі на р. Суле, Раўковічы на поўдзень ад Лоска, Равы на паўночны захад ад Крэва, Межы, Вялікія і Малыя Межы на р. Рыбчанцы, Межавіцы, Рубежнік на р. Вялікай, Межава на захад ад воз. Нешчадра, Межніцы на паўночны захад ад яго, Мяжэева на захад ад воз. Ужо, а таксама шматлікія Гарадзішчы, Гарадкі, Гарадцы і Гарадзеі, бо, як сведчыць М. Доўнар-Запольскі «старажытнарускія князі будавалі памежныя умацаванні, меўшыя назвы: Гародок, Гарадзец, Гарадзішча, Гародня, Рубеж, Зарубежжа і т.п.».
Такім чынам, першы раз у сваёй паўтаратысячагадовай гісторыі Полацк быў памежным адносна невялікі час.
Заходнія вароты імперыі
4 (15) студзеня 1772 г. у Санкт-Пецярбургу паміж Расійскай імперыяй і Прускім каралеўствам была заключана сакрэтная Канвенцыя аб падзелу Рэчы Паспалітай, згодна з якой імператрыца расійская жадала далучыць да сваіх уладанняў частку тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ), у прыватнасці, правабярэжжа Заходняй Дзвіны – Віцебскае ваявоцтва і частку Полацкага ваявоцтва. У выніку такога «далучэння» новая мяжа паміж дзвюма дзяржавамі павінна была прайсці па рацэ Заходняй Дзвіне.
Таксама ў гэты ж дзень Расія і Прусія падпісалі союзную канвенцыю «адносна ўтрымання дапаможнага корпусу, які будзе з тага і другога боку пасланы».
Заключыўшы гэтыя дзве канвенцыі, Расія і Прусія пачалі перамовы з Аўстрыяй з мэтай далучэння той да падзелу Рэчы Паспалітай. Посля нядоўгіх перамоў Аўстрыя, праявіўшы, на словам прускага караля, «драпежніцкі апетыт», пагадзілася далучыцца да «падзелу здабычы». Узамен за гэта яна адмаўлялася ад саюзу з Асманскай імперыяй, якая ў той час выявала з Расійскай.
Канчаткова дамоўленнасць «імперскіх драпежнікаў» была зацверждана падпісаннем 25 ліпеня (5 жніўня) 1772 г. у Санкт-Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй, а таксама паміж Расіяй і Аўстрыяй канвенцый, якія вызначылі памер кавалкаў, аддзіраемых ад Рэчы Паспалітай.
Мяжа 1772 г. Карта Тобіаса Лоттэра
У выніку гэтага першага падзелу Расія атрымала ўсходнюю частку цяперашняй Беларусі паміж рэкамі Заходняя Дзвіна, Днепр і Друць – часткова Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваявоцтвы ВКЛ, а таксама Літоўскую Ліфляндыю – Інфлянцскае ваявоцтва ВКЛ. Амаль адразу ж сюды былі ўведзены расійскія войскі і на гэтыя тэррыторыі было распаўсюджана дзеянне заканадаўства Расійскай імперыі. Так, Указам ад 6 (17) жніўня 1772 г. «Аб уключэнні ў склад Расійскай імперыі адыйшоўшых ад Польшы тэрыторый па першаму падзелу Польшы» графу З. Г. Чарнышову загадвалася:
«1. У перыяд з 1 (12) верасня па 7 (18) верасня 1772 г. заняць войскамі і устанавіць рускую адміністрацыю на адыходзячай ад Польшы тэрыторыі (Беларускае намесніцтва).
2. Абнесці слупамі з імператарскім гербам усю прастору новых межаў.
3. Прызначыць тэрміны ўрачыстай прысягі насельніцтва на падданства Расійскай імперыі.
4. Прыняцца за арганізацыю дзвюх губерняў (Полацкай і Магілеўскай) з адыйшоўшых ад Польшы тэрыторый.
5. Пачынаючы з 13 верасня (дня канчатковага заняцця рускай адміністрацыяй Беларусі) збіраць у дзяржаўную казну ўсе падаткі і іншыя паступленні на указанай тэрыторыі».
Такім чынам, Указам ад 6 (17) жніўня 1772 г. і імянным Указам №13850 ад 16 (27) жніўня 1772 г. «Беларускаму генерал-губернатару» графу З. Г. Чарнышову неабходна было «абнесці ўсю прастору новых межаў ад адного краю да другога слупамі, з Імператарскім Нашым гербам, каб пасля ў прыватных межах з Літоўцамі нідзе спрэчкі заставацца не магло». Прычым, у пачатковым і канечных пунктах новай мяжы абедзве дзяржавы павінны былі усталяваць кожная на сваім беразе памежных рэк каменныя памежныя слупы з дзяржаўнымі гербамі.
Для выканання Указаў імператрыцы полацкай губернскай канцэлярыяй былі выдадзены адпаведныя прадпісанні:
«Брыгадзіру Друманту
№40 ад 30 жніўня 1772 г.
Ад імя майго аб'яўляю і перадаю… Вам найвысачайшую Яе Імператарскай Вялікасці волю па далучэнню польскіх правінцый да Расійскай імперыі.
Ваша Высокароддзе, быўшы ў Дынабургу, Вам выканаць наступнае:
…Вырабленныя з расійскім гербам слупы таго ж самага дня паставіць пры беразе ракі Дзвіны на бачных узвышшах па абодва бакі ад гораду Дынабургу, а іншыя – з вызначанным нарачным афіцэрам адправіць на падводах для устаноўкі па ўсяму ваявоцтву Інфлянцкаму, что цяпер называецца Дзвінская правінцыя, праз адну мілю».
Відавочна, што такое ж прадпісанне была выдадзена і наконт усталявання памежных слупоў па беразе Заходняй Дзвіны «па абодва бакі» ад Полацка і па ўсяму ваявоцтву Полацкаму, стаўшаму Полацкай губерняй.
У хуткім часе распачаліся работы і па абсталяванню новай мяжы. Па самой сухапутнай памежнай лініі капаўся роў 30-ці локцяў шырынёю, насыпаўся вал, рабіліся прасекі ў лясах, укопваліся памежныя слупы. Прычым, спачатку былі ўкапаны драўляныя слупы толькі з расійскім гербам, якія потым павінны былі быць заменены каменнымі з гербамі абедзвюх дзяржаў і некаторыя з такіх слупоў захаваліся да нашага часу ля дарогі Талачын – Круглае, што пралягае ўздоўж калісці памежнай ракі Друць. На рачных жа астравах ставіліся слупы толькі з гербам той дзяржавы, якой востраў належаў.
Парэшткі мураванага памежнага слупа ля дарогі Талачын – Круглае
У канчатковым выглядзе новая мяжа Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай і ВКЛ, пачынаючыся ад упадзення ў Заходнюю Дзвіну з правага берагу ракі Авіксты, ішла па Заходняй Дзіне да ўпадзення ў яе з левага берагу рэчкі Чорнагосціцы ля вёскі Будзілава. Далей мяжа ішла спачатку ўверх па гэтай рэчцы, потым праз рэчку Гезяніца і возера Стрыжань. Ад возера мяжа амаль прамой лініяй ішла спачатку па ўпадаючай у возера рэчцы Свечка, далей – у выглядзе вала да вытоку ракі Друць ля вёскі Вялікія Козкі (цяпер – Талачынскі раён) паўз вёсак Вялікія Ліпавічы, Валосава, утвараючы вугал ля вёскі Стуканы ў бок Рэчы Паспалітай (вал, насыпаны ў 1772 г., захаваўся да цяперашняга часу фрагментамі на тэрыторыі Чашніцкага і Талачынскага раёнаў Віцебскай вобласці), ад вытоку мяжа ішла па Друці да яе сутоку з Дняпром ля Рагачова, затым – па Дняпру да сутоку з ім Сожа.
Вал на вайсковай карце 1981 г. (N-35)
Вал на карце ГШ РСЧА 1936 г. (N-35-47-D)
Амаль адначасова з пачаткам работ на лініі мяжы, тут пачалі стварацца мытні і памежныя пасты. Так, імянным указам ат 28 мая 1772 г. №13807 графу З.Г.Чарнышову даручалася вызначыць на новай мяжы найбольш прыдатныя месцы для новых мытняў. Пасля дасканалага даследвання свайго ўчастка, граф падрыхтаваў і направіў сенату прапановы аб стварэнні памежных фарпастоў і мятняў, якія былі зацверджаны указам сената ад 26 кастрычніка 1772 г. №13894 «Аб усталяванні фарпастоў па межам Беларускіх губерняў і мытняў на прыстанях рэк Дзвіны і Дняпра…».
Указам імператрыцы ад 14 лютага 1773 г., мытні былі заснаваны таксама ў Крэйцбургу, Друі, Бельску, Шчучыне, Бешанковічах, Дынабургу, Талачыне і некоторых іншых памежных населеных пунктах, а ў Полацку, Дзісне, Рубяжове, Друе – мытныя заставы.
Усяго ж па новай мяжы было ўсталявана 20 памежных застаў у Дынабургскім, 13 – у Полацкім і сем – у Дрыскім паветах, а таксама дзевяць дыстанцый наглядчыкаў. У штаце кожнай памежнай мытні, як правіла, былі: галоўны наглядчык, наглядчык, надзёжны, цолнер, касір, ваг і штемпельмайстар, падканцэлярыст, два капеісты, тры даглядчыкі, вартаўнік, наглядчык над аб'ездчыкамі і 14 конных абъездчыкаў. Кожнай мытні падпарадкоўваліся чатыры мытныя заставы, у штаце кожнай з якіх былі: унтэр-цолнер, капеіст, даглядчык і шэсць конных абъездчыкаў.
Згодна з «Палажэннем для ўсталявання памежнага мытнага ланцугу і варты ў Вялікім Княстве Літоўскім», участак расійскай мяжы з Рэччу Паспалітай, які па тэрыторыі сучаснай Беларусі меў працягласць 674 вярсты, падзяляўся на тры участкі, а тыя – на 13 дыстанцый прыкладна па 50 вёрст. Ахову кожнай дыстанцыі ажыццяўлялі памежны наглядчык і падпарадкаваныя яму 10 памежных аб'ездчыкаў. Такім чынам, наглядчык ажыццяўляў ахову ўчастка мяжы працягласцю 50 вёрст, а аб'ездчык – каля 6 вёрст, бо пятая частка памежнай варты знаходзілася ў рэзерве і штогод усе аб'ездчыкі пераводзіліся на новае месца службы.
Мытная варта несла службу на другой лініі, а на першай лініі службу неслі атрады з армейскіх або казацкіх палкоў, ад якіх непасрэдна на мяжу выпраўляліся пешыя патрулі або конныя раз'езды.
Кіравалі памежнай вартай губернскія ўпраўленні, яны ж ажыццяўлялі подбор асобаў на пасады мытных наглядчыкаў і іх звальненне са згоды «казённых палат і дарадцаў мытных спраў».
Кожны праязджаючы праз мяжу Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі запаўняў «мытную дэкларацыю» – на лістку простай паперы пісаў штосці падобнае:
«Пададзена генвара 11 дня 1776 году, запісаўшы ў кнігу.
Учыніць дагляд па указу.
У Полацкую мытную заставу
Ад Альшэўскага Алісея
Я, ніжэйпадпісаўшыся, аб'яўляю, что вязу з-за польской мяжы ў Беларусь разам з сабой тавары:
…
Подпіс».
У 1775 г. многія функцыі цэнтральных устаноў Расійскай імперыі былі передадзены мясцовым органам кіравання, у прыватнасці, зборам мытных падаткаў пачалі займацца мытныя экспедыцыі Казённай палаты Губернскага кіравання на чале з дарадцам мытных спраў, абавязкам якога таксама была барацьба са шматлікімі злоўжываннямі на мытнях. Аднак казнакрацтва ў мытнях працягвала квітнець буйнымі кветкамі, а мытнымі чынамі ўтойваліся немалыя грошы, аб чым, у прыватнасці, сведчаць звесткі «аб барацбе з тайнаправозчыкамі» чыноўнікаў Талачынской мытні. Так, у 1773 г. (першым годзе яе існавання) тут было сабрана і перададзена ў казну 3 061 руб.,, у 1774 г. – 1 333 руб., у 1775 г. – 100 руб., а з 1776 г. – нуль руб.! Злачынная дзейнась талачынскіх мытнікаў доўжылася да 1789 г., калі пачалося слецтва. У гэтым жа годзе пад слествам апынулася і палова наглядчыкаў, а таксама 16 абъездчыкаў Полацкай мытні.
27 кастрычніка 1782 г. Кацярына II падпісала указ «Аб усталяванні асобага мытнага ланцугу і варты для прадухілення патаемнага правоза тавараў», згодна з якім у кожнай заходняй памежнай губерніі, у тым ліку і Полацкай, стваралася новая мытная варта, а на Дняпры – рачная мытная служба, якія паступалі ў распараджэнне генерал-губернатараў, а мытныя зборы, якія складалі да 10% дзяржаўнага бюджэту імперыі, паступалі ў казённыя палаты губерняў.
На чале мытняў былі пастаўлены дыстанцыйныя наглядчыкі, якім падпарадкоўваліся наглядчыцкія двары, а тым – пасты, што выстаўлялі на мяжу да трох каманд мытнай варты колькасцю 10—15 чалавек, якія сачылі за тым, каб усе тавары і асобы перасякалі мяжу толькі праз мытныя пасты.
Дыстанцыйныя наглядчыкі набіраліся з адстаўных афіцэраў, а аб'ездчыкі – з людзей вольных са «збяднеўшыў купцоў» і адстаўных «ніжэйшых чыноў» конных драгунскіх палкоў для чаго патрабавалася ад іх сведчанне аб добрых паводзінах і надзейныя паручальніцтвы. Прычым, імператрыца асабліва з'вяртала увагу Сената і Каммерц-калегіі, «каб да мытні і да мытнай варты прызначаліся людзі верныя і надзейныя».
Як выконваўся гэты указ на месцах, у прыватнасці беларускім генерал-губернатарам Пасекам, сведчыць водгук на яго даклад, зроблены А.М.Радзішчавым, дзе ўскрываецца ўвесь негатыў.
У сувязі з неналежнымі мытнымі справамі, сваімі імяннымі указамі ад 9 лютага 1783 г. №15663 г. генерал-пракурору князю Вяземскаму «Аб водпуску сумаў на утрыманне памежных мытняў у губернях Полацкай і Магілёўскай» і №15664 Беларускаму генерал-губернатару Пасеку «Аб усталяванні мытняў у Полацкай і Магілёўскай губернях і аб пакаранні за правоз, куплю і продаж забароненых і некляймёных тавараў» Кацярына II загадала «навесці парадак» у мытнай справе.
У далейшым, у мэтах узмацнення барацьбы з кантрабандай, у 1789 г. было прынята рашэнне аб закрыцці ўсіх сухапутных мытняў на заходняй мяжы імперыі і ажыццяўленні кантрольнага агляду і перайкляйменню маючых замежных тавараў. Акрамя таго, з гэтага году двойчы на год ва ўсіх гандлёвых лаўках вялікіх і малых гарадоў імперыі пачалі праводзіцца нечаканыя праверкі, мэтай якіх быў пошук няклейменнага замежнага тавару. Для заахвочвання «кожнага мытнага служыўца, а таксама ўсіх і кожнага» за дапамогу ў вышуку і затрыманні кантрабанды была ўстаноўлена ўзнагарода ў памеры канфіскаванага тавара за вылікам увазной пошліны.
Аднак, гэтыя захады аказаліся недастатковымі, таму было прынята рашэнне адрадзіць мытні на старой мяжы Расійскаі імперыі і Рэчы Паспалітай, скасаваныя указам ад 26 мая 1782 г. №15407, г. зн. фактычна усталяваць двайную мытную мяжу. Першым крокам у гэтым накірунку стаў імянны ўказ імператрыцы ад 12 красавіка 1790 г. №16852, якім сенату было загадана адрадзіць мытную варту ў Магілўскай губерні, акрамя таго, загадвалася выключаць «дваран, датычных да правозу забароненых тавараў, са сходу Дваранскага, з тым, каб іх не вызначаць ні да якіх пасад». Другі крокам стала падпісанне імператрыцай імяннога указу ад 7 снежня 1792 г. №7086, якім сенату загадвалася адрадзіць мытні ў чатырох намесніцтвах, у тым ліку і Полацкім, «у тым становішчы, у якім яны па агульнаму тарыфу 1782 г. да вайны з туркамі існавалі».
3 мая 1791 г. у Рэчы Паспалітай была прынята Канстытуцыя, якая, ў прыватнасці, адмяняла выбранне караля і шляхецкае права «liberum veto». Незадаволеныя Канстытуцыяй магнаты, заручыўшыся падтрымкай Кацярыны II, 14 мая 1792 г. стварылі канфедэрацыю. Для падтрымкі канфедэратаў на тэррыторыю Рэчы Паспалітай увайшлі руская і пруская арміі.
Акупацыя Рэчы Паспалітай рускімі і прусскімі войскамі прывяла да яе другога падзелу, канвенцыя аб якім была заключана паміж Расіяй і Прусіяй у Санкт-Петербургу 12 (23) студзеня 1793 г. Згодна з гэтай канвенцыяй Расія атрымала Левабярэжную Украіну і значную частку сучаснай Беларусі. Новая мяжа Расійскай імерыі прайшла па тэрыторыі цяперашней Беларусі по лініі Друя – воз. Нарач – рака Дубрава – мяжы Віленскага ваявоцтва – Стоўбцы – Нясвіж – Пінск.
У хуткім часе, згодна з імянным указам імператрыцы яшчэ ад 8 снежня 1792 г. №17090 «Аб распараджэннях у Польскіх абласцях, занятых Расійскімі войскамі», якім генерал-аншэфу М. М. Крэчатнікаву даручалася «Па устанаўленню [новых] губерняў, памежныя мытні перавесці ў зручныя месцы на новую мяжу, якія тады ўжо і вызначаны будуць», мытні і памежная варта былі пераведзены з ранейшых месцаў дыслакацыі, у тым ліку і з Полацка, на новыя.
Tasuta katkend on lõppenud.