Уладар рыбаў

Tekst
0
Arvustused
Loe katkendit
Märgi loetuks
Kuidas lugeda raamatut pärast ostmist
Уладар рыбаў
Šrift:Väiksem АаSuurem Aa

© Людміла Шчэрба, 2016

© Міхаіл Яварэц, дизайн обложки, 2016

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Вінсэнт СУМІЦКІ

I зробіцца белае чорным.

I зробіцца чорнае белым

Праз чырвонае

Лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага

цітры

«Няўдзячная праца… Фізічна адчуваю, як ува мне згарае энергія. Здаецца, пабег бы куды з цеснага кабінета, столькі спраў перарабіў бы… Аж не… Трэба сядзець, думаць, пісаць. I адчуваць, як згарае энергія. Як яна свярбіць у кожнай клетачцы, жылачцы, шукаючы выйсця, імкнецца праціснуцца, выйсці, выплюхнуцца, выбухнуць!.. Ды, не знайшоўшы прасветліны, вяртаецца па коле назад. У ліпучую, сонную багну выседжвання думак. Ну чаму іншым даецца ўсё так лёгка, нібы міжволі? Чаму яму, такому разумнаму, такому таленавітаму, нават выбітнаму, трэба так усё выпакутаваць? Так скрупулёзна падбіраць ідэі, меркаванні, думкі, быццам каштоўныя белыя зернеткі вылушчваць з закарэлага чорнага шалупіння. Так старанна сплятаць іх у сказы, складаць у адно цэлае, быццам кошык – пруток да прутка – шчыльна, ладна. А потым бурыць няўклюду, і зноў, і зноў ствараць…»

«Ну і навошта? Дзеля чаго? Чаму кожны, каму «свярбіць ягоная энергія», імкнецца выплюхнуць яе на паперу, а яшчэ горш – на галовы ні ў чым не вінаватых чытачоў? Чаму гэты свой неўтаймоўны «сверб» ён не рэалізуе ў скульптуры, матэматыцы, геаграфіі, складанні камп’ютарных праграмаў ці мікрабіялагічных даследаваннях? Не трэба прыладаў, акрамя аркуша ды асадкі?.. Няма таленту да іншага? А чаму кожны лічыць, што ў яго ёсць талент менавіта да пісання? Можа, тут лягчэй схаваць гэты талент… ці яго адсутнасць – не так навідавоку. Зрыфмаваў што-нішто, абвесціў сябе канцэптуалістам, загарадзіўся шыльдай з мудрагелістым назовам – і вось табе: крытэрыяў для творцы не існуе, усё новае спачатку ганіцца, не прымаецца, урэшце – час пакажа… I вось вам новаспечаны творца. А ўжо калі піша сяк-так па-беларуску – шчыра вітаем! Не, на пэўным этапе развіцця грамадства, ягонай свядомасці такая масавасць – нават вельмі добра. Народ асвойвае мову, абжывае яе, далучаецца да агульнанацыянальнага духоўнага вопыту, няхай творыць на добрае здароўечка. Урэшце, такія ўсплёскі актыўнасці народнай свядомасці давалі краіне выдатных творцаў. Аднак у ачмурэнні жаданнем навізны можна стварыць Малятку Цахеса. Тут згадваецца гісторыя, апісаная Куртам Ванэгутам. Ягоны бацька з сябрамі паехаў на паляванне. Вядома ж, трэба было некаму кухарыць, прычым па пэўным правіле: калі тваю ежу хваляць, ты павінен гатаваць і надалей. Кухарыў бацька, і заўсёды стравамі ўсе былі задаволеныя, бо, канешне, ніхто не хацеў гэтым займацца і губляць свой час. Тады бацьку тое абрыдла. Ён пайшоў у лес, знайшоў вялізную ласіную кучу, сабраў яе. Наляпіў катлетаў, падсмажыў іх на машынным масле і пачаў чакаць сяброў. Яны прыйшлі галодныя, з вясёлай гаманою, паціраючы рукі: «Ну што тутака ў нас смачненькага?» Пакаштаваўшы, адзін сябра мовіў: «Гэта падобна да ласінага дзярма, смажанага на машынным масле… Але нічога, смачна, досыць смачна!» – «Смачна, смачна», – адгукнуліся іншыя… Урэшце свой «сверб» можна задаволіць (як робіць тое адзін мой знаёмы паэт) у «храме самотнага роздуму», чытаючы томік Багдановіча, і, сцвярджальна спусціўшы ваду, урачыста агучыць надпіс на сцяне: «Усё ўдалося!»

– Адкуль гэта? Я не памятаю, каб такое пісаў. Што за трасца?! – малады чалавек даволі прыгожай рамантычнай знешнасці (насуперак ёй) усур’ёз вылаяўся. – Хто ж гэта мог зрабіць? Не звар’яцеў жа я? Хто ж тады? Так спаскудзіць мой твор на самым пачатку. Пад корань загубіць усе светлыя пачуцці, імкненні! (Перачытвае.) Не, цяпер я дакладна не змагу яго дапісаць! У-у, пачварына!!! З бруднымі лапамі ў чысты храм мастацтва!

– Не з такімі ўжо і бруднымі! Каты, ме-еўжду протчым, надзвычай ахайныя жывёліны!

– А-а-а! Ка-а-ты??? Каты! Дык вось яно што?! Няўжо такое можа быць? Няўжо мае неверагодныя здагадкі пацвердзіліся? – хлопец пачаў ліхаманкава шпацыраваць па пакоі, спрабуючы запаліць, аднак пальцы не слухаліся, цыгарэта трапіла ў рот не тым бокам, а запальнічка выслізнула з рук. – Не. Трэба супакоіцца. «Партрэтныя» каты не размаўляюць. Гэта ўсяго толькі карціна. Ды і з’явілася яна ў пакоі самым звычайным чынам. Хаця…

эпізод 1

Неяк блукаючы без пэўнай мэты па горадзе, выношваючы чарговы ўзнёсла-геніяльны (па ўсіх мерках) твор, ён забрыў у закуток адной вялізнай плошчы, паміж агромністых, адміністратыўна-напышлівых, адпаведна-шэрых збудаванняў. I раптам вочы ў вочы сутыкнуўся з ім. Ён – таўсты, раскошны, мяккі, чорна-паласаты з сівізной – пераможна абдымаў абедзьвюма таўстымі лапамі вялізную шэрую рыбіну і нахабна таропіўся на яго жоўтымі хітрымі вачыма, ледзь не расплываючыся ў загадкава-ганарыстай усмешцы. Гэтае таямнічае «мяў» так і павісла ў паветры…

– Што, падабаецца? – неяк з ніадкуль узнік перад хлапцом мужчына. Вельмі прывабны і абаяльны, пра якіх кажуць «без узросту». Апрануты ён быў даволі экстравагантна і, можна было б зазначыць, вытанчана: усё – ад пантофляў да камізэлькі і плашча – было чорным, модным і строгім, прычым у стылі пазамінулага стагоддзя, які дапаўняў нават цыліндр, – словам, «як дэндзі лонданскі», каб не… нахабна-пунсовы, напышліва-ганарлівы бант на грудзях, такі як колісь з годнасцю насілі на першамайскія дэманстрацыі, захоўваючы між святамі ў патаемнай скрыначцы паміж партрэтам правадыра ўсіх часоў і народаў ды нафталінай.

– Ну, бяры, як хочаш, – загадкава ўсміхнуўся незнаёмец, падаючы хлапцу карціну з упадабаным сюжэтам.

– Я… йя… Дзя-дзякуй… н-не… не ведаю. К-колькі вы хочаце за яе? – выдыхнуў хлопец, аблізнуўшы засмяглыя ад хвалявання вусны.

– А колькі дасі? – хітра прыплюшчыў вочы «дэндзі».

– Колькі скажаце! – рашуча выгукнуў хлопец.

– Дык што, нават таргавацца не будзеш?! Ён таргавацца не будзе! Ты падумай! Гэта ж абраза для творцы, тым больш для такога, як я. А-а лю-дзе-чкі ма-е-е, паглядзіце на я-го-о! – наўмысна-абурана, нібы капіруючы інтанацыі бабуляў-гандлярак на кірмашы, затарабаніў-загаласіў незнаёмец, што зусім не стасавалася з ягонай знешнасцю. – Не-е-е, тады не прадам, – раптам пасур’ёзнеў і хуценька схаваў карціну пад плашч.

– Не крыўдуйце, калі ласка, гэта я… так, не ведаючы традыцыяў, – збянтэжыўся ад такой неспадзеўкі хлопец і пачаў шураваць у сваім партманеце. – Вось, – ён працягнуў змятыя зялёныя паперкі, – гэта ўсё, што ў мяне ёсць.

Незнаёмец з веданнем справы, нібы лічыльная машына, імгненна ператасаваў грошы і вывеў:

– Шэсцьдзясят шэсць даляраў і ні цэнтам больш. Што ж, няблага для звычайнага творцы, які выйшаў на шпацыр без пэўнай мэты ў краіне без пэўнай нацыянальнай валюты, – ён блазнавата скрывіў вусны. – Няўжо я падобны да таго, каму патрэбныя грошы? – пагардліва адрэзаў.

Хлопец ужо не ведаў, што яму рабіць, і на чорта яму здалася тая клятая карціна, і навошта тут гэты дзіўны гандляр… Ён было наважыўся збегчы, унурыўшы голаў у каўнер, але адчуў, што яго трымае тут нейкая невядомая сіла, нібы моцны магніт. I раптам яму зрабілася сорамна за сваю баязлівасць, нават узяў злосны азарт.

– Я набываю гэтую карціну, і я з вамі ўжо разлічыўся. Ну, калі я не патрапіў у цану, тады… – ён дапытліва замоўк.

– Так лёгенька адмовішся? Ты паглядзі, якая прыгажосць, дзе ты яшчэ такое знойдзеш? – незнаёмец зноў заклікальна забубніў, бы гандляр. – А галоўнае, ён цябе ўпадабаў! Зірні!

Кот на карціне лагодна мружыў вочы.

– Ну што, загортваць? Хлопец насуперак сваёй волі згодна заківаў.

– Добра-добра, не трэба падзякі, – мужчына зрабіў характэрны спокіў рукой, спыняючы магчымыя пярэчанні суразмоўцы. – Аддаю ў надзейныя рукі. Дарэчы, будзеш вінен, сам ведаеш колькі. Я пазыкаў не даю, спаганю напоўніцу, – хітра-пагрозліва засмяяўся. Ну, затрымаўся я тутака. – Незнаёмец дастаў белымі жаночымі рукамі з даўгімі пазногцямі з-пад крыса недарэчны пузаты сакваяжык. 3 яго паволі выпаўзла чарапаха з залатым адмысловым ланцужком на шыі. Мужчына спрытна ўзяў яе пад чэраўца і адчыніў панцыр – бліснуў цыферблат, і гадзіннік цененька адлічыў шэсць.

– Бай-бывай! – Быццам птушынае крыло ўзмахнула крысо плашча, узняўся моцны вецер, і блазнаватага дзівака як і не было…

– А мо і сапраўды не было. Можа, я ўжо сню наяве? Зусім з глузду з’ехаў. – Хлопец ледзь не бег з таго заклятага месца, потым супыніўся, аддыхаўся. – Гэта ж, відаць, нейкі гіпнатызёр-злодзей, проста абрабаваў мяне, а я, дурань, так павёўся, – лаяў сябе малады чалавек. Аднак, адчыніўшы партфель, упэўніўся, што набытак на месцы. – Ачмурэнне нейкае…

– Віна! Віна! – пракрычаў крумкач недзе над галавой…

Карціна заняла годнае месца ў пакоі. Кот быў сапраўды па-д’ябальску шыкоўны і жыў, як і належыць кату, сваім уласным жыццём – сам па сабе. На гэтым можна было б спыніцца, каб не…

нарэзка

Хлопец, а звалі яго Вінусь, пачаў заўважаць дзіўныя рэчы: то каву нехта разліе на рукапіс, то цыгарэты раскоціць па пакоі, то нейкія рэплікі ўвушшу гучаць, а цяпер… цяпер яшчэ і кавалкі незразумелага тэксту, які ён, ну далібог, не пісаў. Усё б нічога, ды толькі жыве ён адзін-адзінюткі ў сваёй аднапакаёўцы, так што шкоду рабіць няма каму, апроч, канешне, яго самаго ці… ну вядома ж, сяброў альбо сябровак! Відаць, нехта з іх так пажартаваў з яго, нават пакпіў з ягоных высілкаў. «Добрыя смешачкі! Гэта ўжо нахабства нейкае, злосны недарэчны жарт, ды ўрэшце проста здзек! Ну, пачакайце! Я ўсё адно высветлю! Аднак у маім камп’ютары пароль, які ніхто не ведае… акрамя… чакай, акрамя яе… Боўтнуў па глупстве. Ці па п’яні… Не, яна не здатная на такое…»

25-ты кадр

…Сніць ён сябе маленькім мурзатым хлопчыкам у падранай саколцы, у шорціках з адной помаччу і вялікім патрэсканым гузікам уперадзе, а на галаве – бацькава будзёнаўка з чырвонай зоркай – асаблівы гонар малога. Пачуўшы мужчынскую гаману, ён бяжыць за ваколіцу. I бачыць: «шчыра, шчыльна, як на касьбе»… крочаць, бы на Вялікі Сход… Хто гэта? А ўсё пісьменнікі, адышоўшыя ўжо ў іншы свет.

 

– Вазьме-еце мяне з сабой! Дзя-ядзечкі, вазьме-еце! – жаласліва заплакаў-заскуголіў малы.

– Недарослы яшчэ, бяжы да матулі, – лагодна ўсміхнуўся ў вусы адзін з дзядзькоў.

– Я… да вас, вазьме-е-еце! – душылі малога слёзы.

– Ты ж яшчэ ў цацкі гуляеш. Ці так патрэбна табе з намі? Цяжкі гэта шлях, сапраўдны – наноў не перапішаш. Трэба штодзень сплочваць відмам і адстойваць сваю самасць. Падумай, малец, – спагадліва-засмучона мовіў другі.

– Віна! – узяўся аднекуль груган…

эпізод 2

…Вінусь прачнуўся.

– Ну вось, зноўку заснуў за камп’ютарам. Дзіўны сон. I адкуль гэты груган? Нібы сочыць за мной і ў сне, і наяве. Скуль ён ведае маю мянушку? I якая віна за мной, каму я вінен? Так, вінен. Яму. Аднак дзе ён? I колькі я яшчэ вінен? Ён жа так і не сказаў, спадзеючыся на маю кемлівасць. Ужо колькі разоў хадзіў я на тое месца, а з ім так і не сустрэўся…

Пранізліва зазвінеў тэлефон.

– Слухаю.

– Віна? Здароў! – трубка пракрычала голасам сябра Анціка. – Ты што робіш, соня старая? – узбуджана гарлапаніў ён, не даючы апамятацца.

– Я? Ды покуль анічога. Пэўных планаў не маю, – без асаблівага энтузіазму адказаў Вінусь.

– А я маю. Узнімай свой стары азадак і бегма да мяне, мы ўжо цябе тутака чакаем. Узялі пляшачку, вуп’емо, пагамонім. Я напісаў выдатны верш – такога ты яшчэ не чуў! I не пачуеш анідзе! Хутчэй!

– Добра, зараз апрануся, – уздыхнуў Вінусь і паклаў слухаўку.

Не асабліва хацелася цягнуцца да Анціка, бо ведаў, чым гэткія мерапрыемствы заканчваліся. Словатворчасць зазвычай мела свой непасрэдны працяг у жыццёвых «подзвігах». Ну замала было паэтычнай натуры хатняга асяродку! Яна імкнулася, каб увесь горад, ды што там – увесь свет – далучыўся да яе жыццятворчасці! Такі быў Анцік.

Ужо збіраючыся і ўкладваючы гелем чорныя валасы каля люстра, Вінусь убачыў нешта незвычайнае: ката, намаляванага на карціне, у люстэрку чамусьці не відно – ёсць рыбіна, жоўта-бэзавы фон, чорная рамка, а самага галоўнага – няма. Хлопец азірнуўся на карціну – не, сядзіць, таўсты і нахабны, здаецца, за час «пражывання» ў ягоным пакоі ён яшчэ больш пасыцеў. Вінусь абярнуўся да люстра – кот быў на месцы і хітра-задаволена мружыў жоўтыя вочы.

– Глядзі ў мяне, падла тлустая, – сагразіў кулаком адлюстраванню хлапец.

Прычапурыўшыся, быццам дзяўчына, Вінусь агледзеў сябе з усіх бакоў і зрабіў выснову:

– А ўсё-ткі прыгожы я хлапец, нездарма дзеўкам падабаюся… і не толькі. Ну, бывай, кацяра! Паводзь сябе добра.

Вінусь злавіў сябе на думцы, што абыходзіцца з карцінным катом бы з жывой істотаю.

– Ага, яшчэ прыбіральню паставіць засталося ды місачку з малаком, – з’едліва пасміхнуўся ён, зачыняючы дзверы.

замалёўка

Вечаровы горад завабліваў хлопца як сапраўдны майстар-спакушальнік. Шэра-непрыкметныя ўдзень будынкі расквечваліся таемна-ліловым і цёпла-жоўтым святлом, паўстаючы велічна прыгожымі палацамі, а шарападобныя белыя ліхтары на гнуткіх чорных сцяблах прыўносілі ноты мінулых стагоддзяў. У іх загадкавым водбліску рэальнасць нібы праламлялася, так і здавалася, што зараз пройдзе паўз цябе гжэчны пан Быкоўскі ці вясёлая кампанія модных шляхцюкоў, спяшаючыся да якой пекнай спадарышні ў кватэрку з выцінанымі фіранкамі ды альясам на вакне. Заклікальна падміргвалі агеньчыкамі шыльдаў шматлікія бары і кавярні, казіно і більярдныя, прапаноўваючы добра правесці час. Крамы пранізліва пазіралі лупатымі вітрынамі, звысок ацэньваючы тваю пакупніцкую здольнасць. Настойліва грымелі музыкай дыскатэкі. Заманьвалі пахамі рэстараны. А звычайны трамвай падаваўся рамантычнай конкай – на ўсю моц імчалі чорныя ладныя жарабцы, і звінелі ў нябёсах іскры з-пад неўтаймоўных капытоў.

– Адмысловы кактэйль гэткай шыкоўнасці ўдарыў герою ў галаву, – з прагнасцю дзіцяці да новае цацкі ўхапіўся раптам Вінусь за неспадзявана ўзніклую думку, аднак зразумеў, што недзе ўжо чытаў такое, дый неаднойчы. – О горад! Чараўнік і ашуканец!

Вінусь звыкла ўзбягаў па знаёмых прыступках, калі надвор’е пачало псавацца – узняўся шалёны вецер і калючымі ледзянымі крупінкамі сыпнула ў твар – люты.

эпізод 3

У пад’ездзе было звыкла брудна і непрытульна – паламаныя парэнчы, спісаныя сцены, падраная столь ды запляваная падлога, што жаўцела змятымі «бычкамі». Кнопка званка была выпаленая, а побач красаваў гучна-непрыстойны зацёрты надпіс: «Анцік – неўя… ны беларускі паэт». Вінусь ані кроплі не здзівіўся б, калі б яго падазрэнні наконт аўтарства пацвердзіліся. Дзверы ў гэтай кватэры ніколі не замыкаліся, таму хлопец упэўнена іх расчыніў. Патыхнула застаялым табачным смуродам і перагарам ды разнастайнымі пахамі халасцяцкага жытла.

– А-а, Вінусь-Анусь?! Здароў! Заходзь хутчэй, мы ўжо без цябе тут урэзалі! – Анцік ледзь не садраў з плячэй хлапца паліто, крычучы яму ў вуха.

– Прывітанне спадарству! – увайшоў у закуродымлены пакой Вінусь.

– Вітанне! Здароў! Вечар добры! Прывітанне! – данеслася з усіх куткоў слаба асветленага пакоя – хаця ён і не быў надта вялікім, лямпачкі Ільіча для яго было яўна недастаткова. Учарнелыя гардзіны з апошняй надзеяй чапляліся за колькі кручкоў, каб не ўпасці. Дывана гэтае жытло не прадугледжвала. Стол быў вышчарблены і спісаны, бы студэнцкая лава, дарэчы і надпісы сустракаліся адпаведнай тэматыкі: «Спусціўся ў забой да шахцёраў. Забіў на лекцыі». Адно радавала вока – кнігі. Іх было мноства, і яны тут былі сапраўднымі гаспадарамі – стаялі на паліцах, ляжалі на стале, на шафе, на падваконні, на зэдліку, валяліся спрэс па падлозе. Праўда, такімі вечарамі ім даводзілася саступаць месца гасцям. А сёння іх было нямала. Асобна на табурэце сядзеў хударлявы, заўсёды пры касцюме, з залізанымі бясколернымі валасамі Алесь – ганарыста і па-шляхетнаму, без эмоцыяў на твары, бы каменны госць і незалежны эксперт. Бліжэй да стала падабраўся Мікіта – аматар выпіць, а яшчэ лепей закусіць на халяву. Яго зашмальцаванае, нямытае месяцамі адзенне, зрэшты, новых пахаў у пакой не прыўносіла. Калісьці ён быў талковым паэтам з няўдалым каханнем, цяпер – няўдалым паэтам з ніякай любоўю, што ў дачыненні да яго, у прынцыпе, адно і тое ж. У самым куце сядзеў Кірыл – таўсты і надзьмуты, па ягоным прыдуркаватым твары нельга было зразумець, што ён думае ці адчувае ў пэўны момант. Аднак гэты звонку рохля аказваўся надзвычай спрытным, калі справа закранала ягоныя інтарэсы. На бакавіну канапы прымасціўся Віталь – несуразмерная галава на па-дзіцячы танюткай шыйцы, заўсёды міргаючыя вочкі і ўспатнелыя маленькія далонькі. У атачэнні дзяўчат вызначаўся красамоўствам доўгавалосы іранічны Анатоль, са сваім нязменным чырвоным шалікам на шыі. Найбольшую ўвагу ён звяртаў на тую, што сядзела на канапе справа ад яго. Малое і ростам, і ўзростам дзеўчанё, між тым, відаць, ужо спасцігла сёе-тое ў жаночай навуцы «ачмураць» – яна знарок гучна смяялася, каб «калыхаліся грудзі», трэба зазначыць, немалыя для ейнага целаскладу, манерна крывіла пульхныя ярка нафарбаваныя вусначкі і здзіўлена-зацікаўлена выкругляла вішнёвыя вочы на кожную рэпліку Анатоля. 3 другой спадарыняй – заўсёдніцай такіх вечарынаў – Вінусь быў блізка знаёмы, дый ці адзін ён. Вірлавокая стройная Кіця (Кацярына) з выбеленымі накручанымі валасамі выглядала стомленай. Яна развалілася на канапе, падкурчыўшы пад сябе нагу, і, нібы сытая абыякавая цялушка на лузе, манатонна жавала гумку, не далучаючыся да агульнай размовы. А гаворка была скіраваная да па-ясенінску прыгожага бялявага юнака.

«I дзе яго толькі вычапіў Анцік? – падумалася Вінусю. – Такі танклявы, гожы, саромеецца, чырванее, бы дзяўчына».

– Увага! – скамандаваў Анцік. – Сёння да нас завітаў апошні паэт з вёскі Андрусь Налівоцкі. Вучыцца на першым курсе філфака. Хоць я падзяляю думку, што пачынаючых творцаў няма (ты альбо творца, альбо не – tercium non datur), аднак, як кажуць, не судзіце строга. Хто на Танку ў літаратуру ўязджае, хто Богам даны… Вось, – Анцік прыцягнуў услончык, – вось табе табурэцік, станавіся на яго – і гучна, выразна… Ну, давай, давай, не саромся!

Хлопец зачырванеўся:

– Не-не трэба гэтага. Йя-я пераб’юся. Я так.

Ён падняўся з-за стала, дастаў з кішэні акуратны тонкі сшытак, разгарнуў і, збіваючыся, пачаў дэкламаваць.

«А верш, вядома ж, пра Радзіму», – падумалася Вінусю.

 
– О, як люблю я той куток,
Дзе нарадзіўся я і рос…
 

«Памыліцца цяжка», – уздыхнуў пра сябе Вінусь.

 
Як сена мы складалі ў стог,
Як плёскаліся ў рэчцы,
Як усміхаўся нам мурог
I вабілі далечы…
 

– захліпаўся Андрусь звонкім дзіцячым галаском.

Калі ён скончыў чытаць, узнікла даўгая паўза. Усе крадком паглядвалі на Анціка: які тон задасць ён, каб потым абрынуць свае выказванні на новаспечанага паэта. Аднак гаспадар вечарыны не спяшаўся, выпіў чарку, нікога не запрасіўшы. Тады слова ўзяў Вінусь:

– Я не хачу тут анікога, так бы мовіць, разбіраць – мы не на партсходзе, і тым больш, як у школцы, казаць, што мне спадабаўся ці не спадабаўся твор за тое і за гэтае. Я проста пазначу тэндэнцыю. Відаць, усе пачынаючыя, прабач, Анцік, творцы, яшчэ не адышоўшыя ад дамашняй пупавіны ў самастойны свет, засноўваюць сваю творчасць на трох кітах: Прырода, Радзіма, Маці. Яны гатовыя бясконца апісваць усе іхныя «трэшчынкі» і клясціся ў вечнай і чыстай любові. Гэта нармалёва – чалавек пазнае свет. Адно шкада, што робяць яны гэта тымі ж самымі словамі, што пісалі гэткія ж маладыя паэты шмат пакаленняў таму. Твой верш, Андрусь, вельмі падобны да твора Канстанцыі Буйлы, і нічога страшнага ў тым няма. Проста павінна быць свежасць пачуцця, а перадаць яе трэба праз словы, якіх на самай справе не так і шмат. Аднак нотаў яшчэ меней. Так што ўся справа ў сугуччы – слова і душэўнага настрою. Працягвай свае практыкаванні, а яшчэ больш – чытай.

– Ну ты выдаў, – адгукнуўся Анцік, – проста прафесар, лекцыі чытаць табе. А ліха з імі, з тымі кітамі, давайце вуп’емо.

Усе ажывіліся, акром Кірыла, і пацягнуліся за чаркамі.

– Слушна, слушна, спадар Вінсэнт, – заўважыў Каменны Госць, – што значыць чалавек у выдавецтве працуе. Ну, за адвечных трох кітоў!

– Добра, слушна, ну, будзьма, – загаманілі ўсе разам.

– А я дык лічу, што гаўно.

Госці ў зняменні ўтаропіліся на Кіцю.

– Яно табе трэба, Андрэйка? Хадзі лепей да мяне, ды пасуньцеся ж вы, – ледзьве не прыкрыкнула яна на Анатоля з дзяўчынаю. – Хадзі да мяне, маленькі, я цябе чаму іншаму навучу, – сэксуальна закаціўшы вочы і бессаромна ўсміхаючыся, заклікала Кіця.

Падпіты хлапец памкнуўся ўжо да Кацярыны, аднак Анцік згроб яго ў абдымкі і ўсадзіў побач з сабою.

– Налівай свае вокі, ці што тамака, бокі, Андрусь-Габрусь, улівайся, адным словам, – падбаўляючы юнаку ў кілішак казаў Анцік. – Яно, шчыра кажучы, мела рацыю Кацярына. Сапраўды, гаўно твае вершы, і пісаць табе не трэба, але чалавек ты харошы, прыгажунчык які, – патрапаў па валасах, – не сумуй. Во табе, на, хлеб – бацька, гарэлка – маці. Што яшчэ трэба…

Аднак п’яны ўжо малы толькі хліпаў носам. I не ад крыўды, а ад роспачы, з-за таго, што не змог стрымацца перад гэтымі дзядзькамі.

– Пайшоў ты, Антон-г…н, да чаго дзіця давёў, – раскрычалася Кіця. – Піцьменнікі! Хадзем, малятка, са мной, – прыціскаючы галаву хлапца да сваіх грудзей, Кіця павалакла яго на кухню.

– А вуп’емо, хлапцы! Га? – наліваў Анцік.

– Нашто ты так з ім? – падаў голас Віталь, бясконца міргаючы вочкамі.

– Слабачок малы, а ўсё туды ж, у паэты. Вунь Наталя таксама вершы піша, а возьме шлюб, народзіць дзетак і забудзецца на ўсё. Праўда, Натка? – абдымаючы і цалуючы дзяўчо, вуркатаў Анатоль. Ачмураная гарэлкай і мужчынскай ласкай, дзяўчына слаба ківала.

Не кажучы нічога, Кірыл выпаўз са свайго кутка і сышоў, грымнуўшы дзвярыма.

– Дапраўды, не трэба было, – мовіў Вінусь. – Хай бы пісаў сабе, потым зразумеў бы што да чаго.

– Потым? Калі потым? – ашчэрыўся Анцік і, крыху счакаўшы, з мефістофелеўскай усмешачкай дадаў: – А люблю я людзей цвяліць. – Стукнуў кулаком па стале. – Творчая злосць павінна прачнуцца. Вось ты мне так сказаў, а я табе такім творам адкажу – на, атрымай, фашыст, гранату. Каб той, хто ганіў, запаважаў, мо ён гэтага і не выкажа. А не будзе злосці, цішком соплі вытраш аб падушку – бывайце, юначыя мары, і – усё, нічога не будзе, сканчылося! – Анцік абвёў пакой дэманічным позіркам. – Дзе ён? – Хутка і моцна, бы гепард, скокнуў на кухню і прывалок разамлелага ад Кіцінай кампаніі Андруся, рэзка пасадзіў ля сябе. – Не крыўдуй, вуп’емо прымірэнчую. Ты – паэт, я – паэт, крыху большы. Ты – дурань, я – дурань, большы ці меншы – не нам судзіць, – кульнуў чарку.

 

– Кірыл збег, – азваўся Віталь.

– Гэты надзьмуты? Ліха з ім, з тым таўстуном. Выбітныя пісьменнікі не былі таўстымі, яны былі Талстымі альбо яшчэ й агромністымі, – махнуў рукой Анцік. – Слухай, Андрусь. Буду чытаць свой верш.

Аднекуль пачуўся храп і соннае чмоканне. Анцік перагнуўся праз стол.

– А-а, гэта ты, рыба-прыліпала!

Пагляды прысутных скіраваліся на месца між сталом і канапай. Там, паклаўшы далоні пад галаву, мірна спачываў Мікіта.

– Ну й хай сабе спіць.

Між тым градус вечарыны мацнеў. Кіця нярвова паліла, кідаючы пажадлівыя позіркі на Вінуся. У кутку, пакінутым Кірылам, «салодкая парачка» – Анатоль і Наталя, – не звяртаючы ўвагі на астатніх, ледзьве не займаліся каханнем. Алесь сядзеў нязрушна. А Віталь лісліва зазіраў у вочы Анціку, чакаючы чарговай фразы. Вінусь выпіў і скрывіўся, узяў пляшку, паглядзеў на этыкетку:

– «Два буслы». Гэта ж, відаць, мы з табою, Анцік.

– Уга! Толькі я ўжо ў нябёсах, а ты яшчэ на зямлі вожкаешся. Шаноўнае спадарства! Маю гонар прапанаваць вам верш, – выйшаў на сярэдзіну пакоя Анцік. – Для цябе чытаю, Андрусь, як там цябе, Налібоцкі.

Ён абвёў усіх уладарным позіркам, і аўдыторыя скарылася ягонаму магнетызму, сціхла ў чаканні.

 
– Не хадзіце за мной, не хадзіце,
Бо я маю рахункі з сабой.
Не кахайце мяне, не любіце,
Бо каханне – для дурняў сымболь…
 

Чым далей Анцік чытаў, тым больш іранічнымі рабіліся пагляды слухачоў. Усе, акрамя зачараванага Андруся ды яшчэ Наталі, цішком пасміхваліся.

 
– I хоць трэсніце ногі цалуйце
Хоць Марыі Святой, хоць Хрысту.
Мо яны пашкадуюць, даруйце…
 

Анцік скончыў чытаць. Усе з цікаўнасцю дзяцей сачылі за тым, што будзе далей.

– Ну як? – чытальнік звярнуўся да Андруся.

Юнак захоплена ўсклікнуў:

– Якая моц!

– Вядома ж, моц! Болей чытаць трэба. Анатоль Сыс. У вас там, у школцы, сучасная беларуская літаратура Нілам Гілевічам, пэўна, заканчваецца. А ўжо і нашае пакаленне паспела састарэць, – сеў і выпіў чарку. – Ну а па шчырасці, дык вось што я маю. Ён ужо не выйшаў на «сцэну», застаўся сядзець і, гледзячы некуды скрозь стол, скрозь пакой, скрозь прастору, ціха пачаў чытаць:

 
– Уплятаючы ружы ў вершы,
Я памятаю каханне Пятраркі.
Аднаўляю сэнс праз пераклад.
Намацваю пачуццё праз час.
Бы археолаг, танюткім пэндзлем
Змятаю адвечны пясок занядбання.
Ды не, я – мастак.
Пад маімі адчувальнымі пальцамі
Праступае партрэт Лауры,
Яснеюць яе вочы ад майго дыхання…
 

Па закурэлым пакоі бы прашапацеў лёгкі ветрык. Аднак Анцік сам парушыў сабой жа створаны крохкі кавалачак космасу. Ён зноўку наліў і гучна пракаўтнуў змесціва кілішка. Ягоны позірк ужо быў няўцямны.

– Чаго я ніколі не мог зразумець, дык таго, наколькі твае вершы не стасуюцца з тваімі паводзінамі… – пачаў было Вінусь.

– А я не маю патрэбы ў разуменні! Шчасце, калі цябе разумеюць? Лухта!!! Чалавек не павінен падказваць некаму свае жаданні й намеры. Не разумееш? Цудоўна! Значыць, ёсць загадка. Ненавіджу гэтае ўсёдаравальнае разуменне ў вачах! – усхадзіўся Анцік. – А пайшлі б вы ўсе! Паселі тутака, п’яце… На блазна падзівіцца захацелі?!!

Усе напружана сціхлі. I толькі Наталя спалоханым шэптам прасіла Анатоля пайсці адгэтуль і нярвова церабіла ягоную руку.

– Ідзіце вы ўсе!!! Блага мне, – прасіпеў здаўлена.

Госці вяла пачалі разыходзіцца.

– Бывай, патэлефаную, – крануў абыякавага Анціка за плячо Вінусь. За ім учапілася Кіця. Яна ледзьве не прыціснула яго ў ліфце, горача прашаптаўшы ў самае вуха:

– Я хачу цябе.

Вінусь быў не такі п’яны, як Анцік, аднак гарэлка зрабіла сваю справу, а тым больш калі дзяўчына так адкрыта сябе прапаноўвае…

Да хаты дабраліся на таксі… Адзенне пачалі скідаць у вітальні. Сяк-так падаслалі прасціну, абы-як пакідалі падушкі і тут жа гэта ўсё змясілі. А Кіця ўсё крычала:

– Мне не хапіла цябе, Вінусь! Мне не хапіла цябе…

Ён жа, быццам праваліўшыся ў ватную цемру, не адчуваў нічога, нібы робат, атрымаўшы загад, тупа яго выконваў.

Яна спала, раскінуўшыся на пасцелі. У шэрай каламуці ранка яе цела падавалася гіпсавым, быццам забытая скульптура ў асірацелай майстэрні.

Вінусь паволі курыў і спустошана глядзеў у чорнае вока кавы ў кубачку.

Згадаўся радок:

– Дазволіш згвалціць сам сябе… Як прыкра…

– Пры-крап-ры-крап-ры-крап, – манатонна паўтарала вада з крана.