Loe raamatut: «Праўда ў вочы»

Font:

© Сліва М., 2019

© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019

Міхась Сліва

Аўтар шматлікіх кніг прозы «Усмешка Джаконды», «Прыгожыя караблі», «Запрашаю ўсміхнуцца», «Ход канём», «Сустрэліся кум з кумой», «Віртуальнае каханне», «Радасць жыцця», «Клюква по знакомству», «Жыццё на Парнасе», «…І мора па калена»; кніг для дзяцей «Кот Матрос», «Як кнігі дзяўчынку выхавалі»; зборнікаў літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій «Найвышэйшае і светлае» і «Лік, які выратоўвае»; публікацый у калектыўных зборніках, альманахах, часопісах, газетах.

Уганараваны рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон». Лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя К. Тураўскага і А. Капусціна, лаўрэат конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў.

Рабы кахання

Рэцэпт для пахудзення

З самай раніцы наш аддзел гудзеў, як пчаліны рой у спякотны дзень.

– Ой, дзяўчаткі! – радасна расказвала эканаміст Інэса Данілаўна. – Такога рэцэпта вы яшчэ не ведаеце! Напісана, што за месяц можна лёгенька, не напружваючыся, скінуць больш за пяць кілаграмаў. Акрамя таго, умацоўваецца імунітэт, павышаюцца абарончыя здольнасці арганізма супраць многіх інфекцыйных захворванняў. Цуд!

Інэса Данілаўна хуценька зрабіла на ксераксе некалькі копій і пачала раздаваць усім жадаючым. Нам з Мікалаем Кірылавічам, маім калегам, таксама інжынерам, рэцэпта не дасталося, але ён нам і не патрэбен. Астатнія ж супрацоўнікі нашага аддзела – дзяўчаты і замужнія жанчыны – тут жа прачыталі рэцэпт і дамовіліся худзець калектыўна.

Сталі заварваць і піць імбірны чай. Хтосьці прынёс з дому вялізны тэрмас, і сама Інэса Данілаўна рыхтуе лячэбны адвар. П’юць яго жанчыны амаль праз кожную гадзіну: чым часцей прымаеш, тым большы эфект. А ўсім жа хочацца, каб атрымалася як мага хутчэй. П’юць дружна, па ўказанай норме. Па добрай традыцыі кожны раз перад прыняццем лячэбнага эліксіру жанчыны па чарзе ходзяць у буфет. Як заўсёды, прыносяць што-небудзь новенькае і смачнае: то пірожныя, то булачкі з макам, то пончыкі, то піражкі з мясам або капустай, павідлам ці тварагом, а часта і бутэрброды з каўбасой. У нашым буфеце выбар вялікі, можна задаволіць любы густ!..

Трэба адзначыць, што рэцэпт для пахудзення спадабаўся ўсім. Цяпер гэты вопыт пераймаюць іншыя аддзелы і ўпраўленні нашай арганізацыі. Усе жанчыны з нецярпеннем чакаюць канца месяца, калі будуць узважвацца. Мы з Мікалаем Кірылавічам нават не сумняваемся, што вынікі такога напружанага пахудзення будуць ашаламляльныя…

Год Каня

Іван Пятровіч сваю жонку баяўся заўсёды. А ў апошнія гады, калі яна захапілася акультнай літаратурай, рознымі гараскопамі i прымхамі, яму стала яшчэ цяжэй.

Перад Новым годам, годам Змяі, жонка загадала абавязкова знайсці змяю, каб тая была ў кватэры ў навагоднюю ноч. Тады, маўляў, цэлы год будзе шанцаваць ва ўcix сферах жыцця! Выручыў, як часта здаралася, школьны сябар Гоша, які працуе вартаўніком у заапарку. Дамовіўся за пляшку з даглядчыкам i даў на суткі Івану Пятровічу рэптылію.

У год Сабакі было лягчэй. Maцi суседа Цімоха ў вёсцы трымае ажно двух сабак. Жыве на ўскрайку вёскі, каля лесу. Страшнавата адной, асабліва доўгімі зімнімі начамі, бо могуць наведацца не талькі чатырохногія, але i двухногія «ваўкі». Дык вось, за магарыч Цімох прывёз Івану Пятровічу аднаго сабаку, які пражыў у кватэры тыдні з два. Жонка аж цвіла ад радасці, бо i на стары Новы год была з сабакам. А значыць – чакай удачы!

I вось наступае год Каня. Жонка маўчала, але была надта ўзвінчанай, зноў чытала гараскопы.

…Іван Пятровіч стаў ламаць галаву, дзе ўзяць каня. Два дні хадзіў сам не свой. З гора зайшоў у «Мінутку», стаў у чаргу за хлопцамі з чырвона-ciнімі насамі, глынуў стаграмовік, не паспеў i прыкусіць піражком, як убачыў аднаго дзядзьку – i адразу ж з’явілася ідэя: «Ён жа возіць на кані прадукты ў дзіцячы садок. Можна будзе дамовіцца!..»

Іван Пятровіч імгненна падскочыў да буфетчыцы i заказаў яшчэ па сто грамаў на дваіх. Зaпpaciў дзядзьку, пазнаёміўся. Кузьма Уладзіміравіч – так звалі таго – аказаўся чалавекам спагадлівым: за бутэльку віна згадзіўся даць у навагоднюю ноч каня. Да раніцы патрымаць у кватэры. Толькі, калі пачуў, што кватэра на другім паверсе, крыху засумняваўся.

– Я завяду яго! – рашуча пераконваў Іван Пятровіч. – Вазьму з сабой аўса ў вядро – ён i пойдзе!

I вось наступіў пераднавагодні вечар. Іван Пятровіч знарок не паказваўся цэлы дзень. А вечарам зайшоў у двор садка, дзе яго ўжо чакаў Кузьма Уладзіміравіч з канём. Аддаў бутэльку віна, пажадаў шчаслівага Новага года.

…Ярка свяціліся вокны ў яго кватэры. Мільгалі галовы дзяцей. Жонка была ў «трансе», бо лямант яе быў чуваць ажно на вуліцы. «Нічога, зараз сціхне», – прашаптаў Іван Пятровіч i весела рушыў з канём у пад’езд i далей у сваю аднапакаёвую «хрушчоўку».

Праўда ў вочы

Аднойчы ў абедзенны перапынак супрацоўнікі нашай фірмы завялі размову пра паводзіны эканаміста Сямёнава.

– Ён увесь час гаворыць усім толькі прыемныя словы, кампліменты мне сыпле, але ж я не веру ў шчырасць яго слоў! – катэгарычна заявіла галоўны бухгалтар Інэса Алегаўна.

– Сапраўды, – падтрымаў яе начальнік аддзела кадраў Рамізін, – ён, у адрозненне ад нас, ніколі не выказаў свайго абурэння паводзінамі дырэктара. Хіба ён не ведае, што шэф з намі грубы, з кліентамі нахабнічае… Дык не, Сямёнаў і слова дрэннага не скажа!

– Ён проста баіцца сказаць людзям праўду ў вочы! – уключылася ў размову і менеджар Ганна Патапаўна, стрыечная сястра дырэктара. – Хіба ў нас няма недахопаў? Хоча быць для ўсіх добранькім. А трэба быць прынцыповым!..

Усю гэтую размову чуў сам эканаміст, бо яго кабінет быў побач, а гукаізаляцыя дрэнная. Сямёнаў набраўся цярпення і зрабіў выгляд, што нічога не ведае. Але ж зерне, кінутае калегамі, дало свае ўсходы. «Можа, і сапраўды, яны маюць рацыю? – пачалі свідраваць думкі. – Відаць, трэба быць смялейшым, не баяцца выказаць сваё меркаванне, тым больш што гэта будзе імпанаваць супрацоўнікам фірмы».

…І вось праз дзень-другі Сямёнаў, забіраючы ў галоўнага бухгалтара накладныя на чарговую партыю тавараў, не стрымаўся і сказаў тое, што думаў. А менавіта выказаў абурэнне, што Інэса Алегаўна, як заўсёды, затрымала аплату па дакументах, няўважліва адносіцца да даручэнняў кіраўніцтва і наогул тармозіць многія добрыя пачынанні. Інэса Алегаўна пазелянела ад злосці і сціснула кулачкі. Стала падбіраць патрэбныя словы, каб выказаць сваё абурэнне паводзінамі Сямёнава, але ён хуценька шмыгнуў за дзверы.

Назаўтра эканаміст у размове з сакратаркай у прысутнасці начальніка аддзела кадраў выказаў нязгоду з новымі ідэямі і патрабаваннямі дырэктара. А потым, разгарачыўшыся, ляпнуў, што дырэктар – яшчэ большы лайдак, чым менеджар Ганна Патапаўна…

Праз некаторы час з Сямёнавым перастала вітацца Ганна Патапаўна, галоўны бухгалтар пры сустрэчах злосна зыркала на яго, а дырэктар не запрашаў да сябе, як раней, каб параіцца.

А неўзабаве начальнік аддзела кадраў Рамізін зайшоў у кабінет эканаміста і паведаміў, што праз месяц з ім заканчваецца кантракт. Але ўжо вядома рашэнне дырэктара, што на новы тэрмін ён падпісаны не будзе…

Дзень памяцi ахвяр алкагалiзму

Якіх толькі свят, знамянальных дат і дзён не адзначаем мы штогод! І ўсе яны патрэбныя. Лічу, што неабходна абавязкова ўключыць у спіс і яшчэ адзін, для некаторых грамадзян надзвычай важны дзень, які многія будуць адзначаць, – Дзень памяці ахвяр алкагалізму.

Упэўнены, што мяне падтрымаюць тыя, хто сутыкнуўся з гэтай з’явай. За прыкладамі далёка хадзіць не буду. Вось быў у мяне сябрук Мікола, разам са мной працаваў на мэблевай фабрыцы. Абодва мы – хлопцы мяккахарактарныя, спагадлівыя. Калі хто папросіць вынесці пару-другую дошак або брускоў, мы не маглі адмовіць. Ну, а ў канцы змены, як і належыць, па пляшцы-другой віна выпівалі. Карацей кажучы, ніколі не прасыхалі! У рэшце рэшт дабрата наша бокам вылезла: мяне з фабрыкі вытурылі, а Мікола – царства яму нябеснае! – і да пенсіі не дажыў… А ўсё яны, гарэлка ды віно праклятыя, вінаватыя ў гэтым! Мы з Міколам – іх ахвяры!

А вунь мой сусед Валодзька Мармузевіч нават начальнікам канторы быў. Няблага, кажуць, кіраваў, але ж вельмі любіў пасля працоўнага дня зняць стрэс. Але неўзабаве і самога знялі… з пасады, а праз год і наогул яго не стала…

Пайшоў у лепшы свет і мой зямляк Антон Нупрэйчыкаў. Як кажуць, кожны дзень «квасіў». Характар, праўда, быў у яго паскудны: напіўшыся, Антон заўсёды пускаў у ход кулакі. Таму пасля таго, як ён цёплым летнім днём захлынуўся ад гарэлкі, жонка надта не бедавала. Але ж многія аднавяскоўцы шкадавалі, бо за шклянку віна ці самагонкі Антон ахвотна дапамагаў і прысядзібныя ўчасткі апрацоўваць, і іншыя гаспадарчыя работы выконваць.

Сярод ахвяр, якія патрабуюць успамінаў і ўшанавання, яшчэ адзін мой сусед – Руслан Пеўнеў. Залатыя рукі былі ў чалавека! Нялёгка яму даводзілася: з-за стану здароўя нельга было чарку браць, але ж за яго працу кожны стараўся наліць. Бо працаваў Руслан слесарам-сантэхнікам.

А колькі небарак у нецвярозым стане згарэла і працягваюць гінуць ва ўласных хатах пры пажарах! А колькі чалавек развіталася з жыццём падчас п’яных разборак з жонкамі ды сябрукамі! Пералік ахвяр Бахуса можна працягваць. Ён патапіў людзей у чарцы больш, чым іх загінула ў акіяне…

Вось я і прапаную ўвесці ў наш ужытак Дзень памяці ахвяр гэтага крыважэрнага цмока – зялёнага змея. Давайце ўспомнім паімённа ўсіх, хто аддаў душу д’яблу п’янства. Лічу, што той, хто жлукціць спіртное, але пакуль яшчэ жывы, будзе ведаць, што імя яго захаваецца ў гісторыі. Праўда, у асобным спісе – п’яніц і алкаголікаў.

Tasuta katkend on lõppenud.

€0,63
Vanusepiirang:
12+
Ilmumiskuupäev Litres'is:
26 veebruar 2019
Kirjutamise kuupäev:
2019
Objętość:
38 lk 2 illustratsiooni
ISBN:
978-985-581-126-9
Allalaadimise formaat:
Kuulub sarja "Несур’ёзна пра сур’ёзнае"
Kõik sarja raamatud
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 4,6, põhineb 355 hinnangul
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 4,2, põhineb 136 hinnangul
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 3,8, põhineb 58 hinnangul
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 4,3, põhineb 53 hinnangul
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 4, põhineb 114 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 3,9, põhineb 33 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 4,8, põhineb 24 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 4,4, põhineb 69 hinnangul
Tekst, helivorming on saadaval
Keskmine hinnang 4,7, põhineb 490 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 3,5, põhineb 4 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 5, põhineb 2 hinnangul
Tekst
Keskmine hinnang 5, põhineb 2 hinnangul