Сляза ляза

Tekst
Loe katkendit
Märgi loetuks
Kuidas lugeda raamatut pärast ostmist
Šrift:Väiksem АаSuurem Aa

© Павел Гаспадыніч, 2017

ISBN 978-5-4483-7446-3

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

«У самотнай цішы…»

 
У самотнай цішы
Ледзь рыпнулі дзверы.
Я ўбачыў цень на шпалерах —
Пэўна, з’явілася ты…
 

«Ты паклічаш, ты пазавеш…»

Ты пакліч мяне. Пазаві

Там заблудзімся ў хмельных травах…

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

Я. Янішчыц


 
Ты паклічаш, ты пазавеш,
У дурманы траваў духмяных…
Заблукаем у роснай імгле,
Знікнем разам у белых туманах…
 
 
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават зманнасць нябеснага шляху.
Перад намі абсягаў гады,
Па-за намі – пакінутасць страху.
 
 
Распранаецца поўні святло
У вачах тваіх бляскам любові…
І ліецца з нябёсаў сяйво
Асляпляльна-празрыстай няволі.
 
 
Ты палічаш, ты пазавеш
Заблукаць у дзівосным адхланні…
На світанку ў роснае смузе
Знікнуць разам у белым тумане…
 

«Я напішу верш для цябе…»

 
Я напішу верш для цябе
Удзень самотны і журботны.
Як сонца ўтопіцца ў вадзе —
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Апалым полымем пачуццяў.
Асадкай сэрца у мане —
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Стагоддзем вечнай адзіноты.
Палётам дзіды на вайне —
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Збуцвелым кветам асалоды.
Нектарным прысакам у сне —
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Маладзікова срэбнай сцюжай.
Калі прачнешся без мяне —
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Сутоннем пожадным і прагным.
У барвах смутку і ў смузе
Я напішу верш для цябе.
 
 
Я напішу верш для цябе
Удзень самотны і журботны.
Стагоддзем вечнай адзіноты,
Збуцвелым кветам асалоды.
 

«Вас, відаць, не было сапраўды…»

 
Вас, відаць, не было сапраўды
Ля крыніцы, ля вішань, ля студні…
Нібы сон, паўтараліся Вы,
І балелі-балелі мне грудзі…
 
 
Вы прыйшлі, нібы з неба святло —
І з прадоння Сусвет утварыўся…
Разлілося паўсюдна цяпло,
І як быццам яму я маліўся…
 
 
Вас усмешкай аздобіла ноч,
Кожнай зоркай, травінкай, лісточкам…
Бласлаўлення святога ад воч
Атрымаў я у райскім куточку…
 
 
Вы, як цень, адбіваліся ў дні,
Быццам воблака, ноччу сплывалі…
Таямніцаю спеў Ваш вірыў,
Вашы словы ў вышынях луналі…
 
 
Вас, відаць, не было сапраўды —
Кроза дзіўная свету прывідаў…
Нібы сон, паўтараліся Вы
У абшарах маіх краявідаў…
 

«Горкім сном не прысніцца віна …»

 
Горкім сном не прысніцца віна —
Не мая, не твая, а чыя?
Як не прыйдзе ніколі вясна,
Не яго, не яе, а чыя?
Памяць ціха стаіць ля вакна —
Не мая, не твая, а чыя?
Нібы Чаша пакутаў без дна,
Не яго, не яе, а чыя?
Цемра плача з відна да відна —
Не мая, не твая, а чыя?
Уцякае скрозь пальцы вада —
Не яго, не яе, а чыя?
Новым днём прывітае зіма —
Не мая, не твая, а чыя?
Неўзабаве ўсё ж прыйдзе вясна —
Для яго, дя яе – Нічыя.
 

«Спаўзе ў гушчар туман сівы…»

 
Спаўзе ў гушчар туман сівы
Між елак покрывам бялюткім.
Ізноў прысніцеся не Вы
У панаванні Рэха гнуткім…
 
 
Спаўзе з галінкі кроплі звон,
Які падхопіць шоргат лісця…
Ізноў сустрэнецца Вам Ён,
У мроях стрэчаны калісьці.
 
 
Спадзе на вокны змроку цень,
Кране далоні сарамліва…
Ізноў не Вы – самотны дзень
Аб нечым просіць палахліва…
 

Не сніцца Парыжу ворыва водар…

(Леаніду Дранько-Майсюку)

Мая душа не плача, а пяе, бо стомлена не лёсам, а табою.

(Л. Дранько-Майсюк)

Твая душа – нячулая машына, выразны запіс.

(Х. Картасар)


 
Не сніцца Парыжу ворыва водар,
Не бачыцца ў снах паплавоў хараство.
Вялікі адметнасцю светлаю горад,
Палескіх не сніць краявідаў даўно.
 
 
Самотны і з тым, без таго, у трывозе,
Палонены снамі стамлённа-чужых,
Не сніцца адчайна між вежаў і плошчаў
Усходняга вальсу багемны уздых…
 
 
Не сняцца Парыжу ліцьвінскія вочы,
Паэта здалёку, Паэта з не тут.
Ды чуе надоствітку, цішай, употай
Вандроўніка шэпат здзіўлены Луўр.
 
 
Дыханне займае прасторы і часу,
І водарыць – Божа! – нязнанасцю сноў,
Якія вяслуюць прывідамі страху
У колерах белых, чырвоных, бы кроў…
 
 
Адкуль жа самота? Нячутна-знаёма,
І мова нагадвае баль салаўёў…
Адна ў Беларусі на тыдзень субота
І сем у Парыжы на тыдзень субот…
 
 
Не сніцца яму, апалоненым жарсцю
Дзівотных фантазій ПікАсо-РэмбО,
Як поначы кветам ад Вільні, няйначай,
Ліецца з нябёсаў Ярылы святло…
 
 
Ды што яму богі? Д’арк больш за сонца,
А вуліца Ружаў прыўкрасней за свет.
Чаму ж, о Анёле, балюча быць можа
Ад шэпату кволага між безлічы моў?
 
 
Не сніцца Парыжу ні сад Люксембургскі,
Ні Руаяль, ні Сен-Жэрмэн…
Ён слухае моўчкі з слязою на вуснах
Аповеды з «Кнігі для спадарыні Эл».
 

«А што такое жыццё…»

 
А што такое жыццё,
Калі не хвалі,
Які гайдаюць
Нібы каралі
Лёс на вятрах і агні?
 
 
А што такое жыццё,
Калі не кросны,
Якія ткуць восень
Нібы нябёсы просінь
Ад самай вясны?
 
 
А што такое жыццё,
Калі не вагі,
Якія ўсе твае смагі
Хістаюць улева-управа
Выбарам адным.
 
 
А што такое жыццё,
Калі не спатканні,
Хістанні,
Ткацтвы,
Гайданні,
Ваганні
З мэтай адной —
Пазбегнуць растання?..
 

«Адшумела, адгуляла, адпалала…»

 
Адшумела, адгуляла, адпалала
Ты, душа, зняволеная сном.
Кропелькай слязы уноч растала,
Адцвіла язьмінам за вакном.
 
 
Маладосцю сінявокай звонкай
Адзвінела, адлунала, адышла.
На двары ліпнёвай вербы гронкай
Зачапілася за сполах сна,
 
 
У якім юнацкай непакорой,
Ты любіла, ты чакала, ты жыла…
А цяпер сталеннем верасовым
Адшумела, адгуляла, адышла…
 

«Раніцай можна прачытаць…»

 
Раніцай можна прачытаць
Гісторыю старажытнага
Учора…
 

«Не астылі яшчэ паплавы…»

 
Не астылі яшчэ паплавы
І ў паветры праменні гуляюць,
У пяшчоце блакітаў ставы
Спевы птушак апошніх гайдаюць…
 
 
Жоўтым лісцем красуе смуга, —
Няўлоўнай зімы набліжэнне.
Пожні хваляй цалуе рака
На спатканні апошнім нясмела.
 
 
Пракаветных дубоў галасы
Да нябёсаў імкнуць, нібы стрэлы.
Ім бы раз свае карані
Агарнуць у пухнатыя глебы…
 
 
Дыванамі самотных гаёў
Усцілаецца жоўтасць на чырвань,
Лета рэхам сцішэлых лясоў
Рысакоў сваіх ставіць на прывязь…
 

«А ноч, прыснёная табой…»

 
А ноч, прыснёная табой,
Хіба адно што вецер…
Каштуеш зоркавы напой —
Душа ляціць па свеце…
 
 
Дух спачывае на мяжы —
Салодкай мроі гукі…
Перакрыжуюцца нажы,
Як закаханых рукі…
 
 
Заззяе золатам рака,
Прысніш дзівосных птахаў…
І не ўстрымаць маладзіка,
Ад шчасця каб не плакаў.
 
 
…а ноч, прыснёная табой,
Засне на крылах ветру.
Чырвонай кропляй за табой
Душа ляціць планеты…
 

«Там, дзе рачная хваля…»

 
Там, дзе рачная хваля
Цалуе душаў пагляды,
І россыпам неба караляў
Азёры ў начы апранае,
 
 
Там, дзе вякуюць ляды,
Убраныя ў росныя травы,
І птах адзінокі кружляе
У плыні сонечнай лавы,
 
 
Там, дзе дыванамі пожні
У мяккасці крокі хаваюць
І мудрасцю даўняе прошчы
Абшары сабой атуляюць,
 
 
Там, дзе гаючай крыніцы
Шэпат празрыста-салодкі
І сінявокасць чарніцы
Глыбіннасць даруюць палёгкі,
 
 
Там, дзе вішнёвыя ранкі
Купаюцца ў спевах птушыных.
І на крылатых маланках
Мары лунаюць няспынна…
 
 
Там, дзе пакінуты годы,
І хаты ваўчкамі заняты.. —
Туды мы ўцякаем употай:
Адзінай істотнае страты…
 

«па дарозе самоты…»

 
па дарозе самоты
на узлогах журбы
ўсё што ёсць не істотна
што істотна не мы
 
 
па дарозе да скрухі
на абшарах любві
заблукалыя рухі
нам вяртаюцца ў сны.
 

«За імгненнем бяжыць імгненне…»

 
За імгненнем бяжыць імгненне,
Нібы кадры нямога кіно.
Вечнасць грае ў тэатры стварэння,
Нараджаючы цень і святло.
 
 
За хвілінай мінае хвіліна,
Быццам сэрца біццё без душы.
Зоркі стынуць адвеку няспынна
У прасторы касмічнай імшы.
 
 
За гадзінай сплывае гадзіна,
Нібы хвалі бурлівай ракі.
Сустракаецца маці з сынам
Паміж часам у снах на Дзяды…
 
 
За гадамі імкнуцца стагоддзі,
Рысакамі імклівызх падзей.
У імгненнях народжаных богі
Стынуць зоркамі ў бляску вачэй.
 

«Пакрысе ападае лістота…»

 
Пакрысе ападае лістота,
Пад нагамі – пажоўклае лета…
Час ад часу прымроіцца мора,
Нібы з іншага, дзіўнага, свету…
 
 
Час ад часу душа ўскалыхнецца
І паймкнецца да сонца чужога.
Нібы сон, ты за ёю, здаецца,
Пралятаеш бясконцасць прасторы.
 
 
У трымценні ўяўялення жывога,
У аблоках, паветры, міжчассі…
Пірэнэйскаю поўнішся воляй,
І глытком каталонскага шчасця.
 
 
Там, дзе пальмы, пакінута нешта,
Там, дзе цыпрыс, вякуе усмешка…
Ад пачуццяў па восені рэшта
Застанецца, як пані Франчэска,
 
 
Застанецца, каб, мабыць, употай
Павясці за сабой ў далягляды,
Праз залевы, віхуры, праз слоту,
Праз пустэльні, гаі і праз ляды.
 
 
І, калі ачуняеш, прачнешся —
Незнарок успаміны ўзгайдаеш,
Краявід жоўтаскуры прал’ецца
Крыху горкай, прывезенай кавай…
 

Спатканне

Адчую сябе прыціснутым да краю непазбежнага твайго імя.

 

(Х. Картасар)


 
Калі ты падыдзеш, убраная ў вечнасць,
Калі пасміхнешся, як сонца між зор,
Схаваю і я сваю недарэчнасць
У торбу жаданняў збянтэжаных слоў.
 
 
Няхай і не блізка, няхай й недалёка,
Бурштынавых поглядаў л’ецца святло.
На пацерках часу струменіцца звонка
Усмешлівых дзён тваё хараство.
 
 
Калі ты адыдзеш, пакінуўшы вырай,
Калі азірнешся усмешкай багоў…
На мапе спаткання велікаю плямай
Свой роспіс пакінуць акорды ваўкоў…
 

Паэзіі святой душа

 
Я – абарваны пульс Зямлі,
Сляпога лёсу Падарожнік
У кожнай кропельцы крыві,
Пакінутай на Раздарожжы.
 
 
Я – полымя антычных строф,
Фартуны вечная забава.
Часцінка вокамгненных сноў,
Апранутая ў яву.
 
 
Я – некрануты боль лясоў,
Алоўка роспіс на паперы.
Смерць і жыццё ўсіх багоў
У свечках дагарэлых.
 
 
Я – цеплыня вясковых хат,
Лучыны цень далёкі.
Славянскіх песень зоркагляд
У чужаземных скоках…
 
 
Я – звон птушыных галасоў,
Крыніцы бег шчаслівы.
Лічыльнік несказаных слоў
У хораме магільным.
 
 
Я – Чалавек, Народ, Зямля,
Дзіця імклівай Думкі.
Паэзіі святой Душа
У праявах і малюнках…
 

«Падманам поўніцца напой…»

 
Падманам поўніцца напой,
Напоем поўніцца падман.
Згадаеш шчырасці прыбой
І зноўку паляціш у зман.
 
 
Падманам поўніцца напой,
І сонца холадам імжыць,
Кранаеш сэрца моцай зор,
Але яно ўсё больш баліць.
 
 
Падманам поўніцца жыццё,
Напой разблытаны лухтой…
За поўняй праўды, як за сном,
Ты не дацягнешся рукой
 

Ваўчыная Поўня

 
Поўня бледнаскурая,
Поўня бледнатваря
Поўніць неба слёзамі,
Лёзамі халоднымі.
Паглядзі праз дахі
Змерзлага наўколля,
Паглядзі на гмахі
Снежаньскай няволі.
І пачуй як быццам
Воўчы сум замерзлы —
Воўкі – гэта богі,
Што згубілі ногі і
На лапах ў поўсці
Шчэраца ікласта,
Выскал тайны шчасця,
А, быць можа, праўды,
Той спрадвечнай, існай,
Нібы поўня ў небе,
Быццам хлеб карыснай,
І як смерць нязменнай.

Снегавых сцяжынаў
Ты прайшоў нямала,
Але ў небе поўня,
Як твая святая,
Як твая ліхая,
Як твая нямая,
Як твая сляпая,
Тая ж, тая ж, тая ж —
З бледнай скурай й
Тварам,
Са сяйвом слязлівым,
Праўду што хавае,
У вачах ваўчыных.
У крыві людское.
У агідных рухах
Змерзлага жывога.

Поўня бледнаскурая.
Поўня бледнатварая.
Штоноч зноў ты плачаш
Ў холадзе лядашчым….
 

Самота воўка

 
ваўчкі
ў маёй душы
нібыты вочы
воўка
палохаюць людзей,
і я, самотны зноўку,
брыду да іншых пасяленняў,
а можа, іншых вымярэнняў,
дзе воўкі замест зграяў
каханне з любай
выбіраюць…
 

«На выпасе зоры пысамі…»

 
На выпасе зоры пысамі
Дакрануліся да мяне.
Рэкі рэзалі снамі-арэхамі
Сэрца срэбнае мае.
Цішыня была добрая,
Часам модная і лагодная,
Калі вуснамі светла-спакуснымі
За душу ты кранула мяне…
 

«У вачах тваіх …»

 
У вачах тваіх —
Маё натхненне.
Заплюшчанае.
 

Берагіня

 
Ты такая прыгожая,
Нібы Берагіня
Ў фатэлі
З кубачкам кавы духмянай…
Тваіх валасоў кілімы
Бярэзінай альбо
Волмай
Змягчэламу сэрцу
Даюць
Прытулак.
Пах тваёй прыгажосці
Казыча
Жывіцай жаданні…
Адлегласць між намі —
Прывіды ды
Зданні
Тваіх сябровак-ахоўніц:
Вадзяніцы,
Каўкі,
Беражніцы
Светла-пяшчотным ценем
Душы
Нечыя грэюць…
Салодкім як грэх
Вуснаў алеем
Малюеш
Мой свет
Навакольны.
Пахне мне глеем
Далёкай
Бярэзіны або
Блізкае Волмы.
Сэрца нямее,
Дранцвее,
Буцвее.
Пад покрывам Поўні
У фатэлі
Дыяруш крозаў
Гартае
Вецер самоты…
Ты такая прыгожая —
Піша ў паветры
Дымок кавы
Філігранна,
Выкштацона,
Бязмоўна.
…прачынаешся.
У кватэры —
Пах глея
І жывіцы.
 

Стварэнне свету

 
Вішняй зімовае наспеў твой сон
І нібы птушка з далоняў
Успырхнуў у неба
Празрыстае як сон
Пра птушку і
Вішню і
І зіму.
Неснагавую зусім зіму.
Час ад часу слязлівую.
Прахалодную як труну ў
Прасторы трупярняў.
Безумоўна,
Ты адзіны там з жывых
(Ці табе так падаецца?)
Бо сон, вядома, надзейны падманнік і
Падменнік
Заменнік
Жыцця, у якім
Зімовай вішняй даспявае
Богам згубленае Слова.
 

«Калі наўкола неспакой…»

 
Калі наўкола неспакой,
Бы дзідай сэрца працінае,
І слота косіць шыхты мрой —
Згадай свой край забраны.
 
 
Хоць і не забраны для цябе
Ардой ваўчыных згряў,
Хай шалам дзеяцца ў сяўбе,
Над нескароным – Краем.
 
 
Лютуюць прыхадняў сцягі —
Апрыкрыя Усходу знакі —
Твае ж не ўзяць ім берагі,
З бусламі не лятаць сабакам.
 
 
Руйнуюць храмы ўласных душ,
Няхай, народжаныя Хамам.
Твой сад спамінны з Княства Руж —
Не адчыніць ім яго брамы.
 
 
Як ні жадаць ім, не згібець
Ані табе, ані нашчадкам —
Датуль, пакуль у сэрцы днець
Пагоні Велічнае спадкі.
 

Д'ябал слухае цішыню…

І галосяць знічкі, па жывых галосяць, гэта люд крывіцкі

чорны ветах косіць.

Анатоль Сыс


 
Д'ябал слухае цішыню
Душ крывіцкіх збалелых.
Можа, пустка патрэбна яму
У вачах іх збялелых…
 
 
Выпівае анёл чарку сну
З бел-чырвонага куфля на небе.
Д'ябал шэпча ў хмелю яму:
Няма месца абодвум на глебе
 
 
Што ўзарана слязьмі і крывёй
Спакон веку яму падуладных…
Суразмоўца ў адказ цішынёй
Праслаўляе народ гэты ладны…
 
 
Праслаўляе мінулыя дні,
Што Пагоняй лунаюць у душах.
З тых часоў, калі Каралі
Баранілі крывіцкасць у Пушчах.
 
 
І калі не спакушаны Бог
Беларусь блаславіў вольным краем…
А ў 2010 з Раства Яго рок
Д'ябал душы ў краіне збірае…
 
 
Ды не бачыць ён пустку ў вачах,
І пакоры крывіцкай ня бачыць
Анёл шэпча: «Нячысты, твой страх
Зямлі гэтай свабоду пазначыць….
 
 
Д'ябал слухае цішыню
Душ крывіцкіх збалелых….
І здаецца, здаецца яму
Бляск вачэй іх у полымі веры…
 

Плошча

 
Адчуваю:
за мной са зброяй ідзе цень.
доўгі, насуплены, змрочны…
з цягам часу хаваецца ў Дзень,
нібы апошні бяглянак на Плошчы…
 
 
Ты адчуваеш:
боль – за табою бяжыць.
доўгі, апрануты ў форму вайскоўца.
адчуваеш:
сняжынка ў далонях трымціць
светам пакінутай Плошчы.
 
 
Што за грукат
насупраць будынкаў?
«Спаць!» —
загадалі сцямнёныя вочы вакон.
ціха паўзе самота ў натоўпе —
нязвыкла
нібыта ўваходзіць
Плошча у Скон.
 
 
Мы адчуваем
подых натоўпу ціха-
застылага.
ценю крысо, Змрок Болю, і
Ноч.
сэрца спявае слязьмі.
бел-чырвонымі крыламі шэпча
мароз:
з Плошчы кроч….
 

«Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна…»

А.Э.


 
Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна,
Там, дзе сонца паўднёвае ззяе як Бог,
Твае плечы у сне уздымаюцца вольна,
Пад прасцінай ласкавай, нібыта мурог.
 
 
Там, на вуліцах вузкіх, усмешных і ветлых,
Паміж небам далёкім і долам ў нагах,
Твае вусны варушацца ціха-нясмела
Быццам нечы спрабуючы вытрушчыць страх.
 
 
Там, дзе Лоркі гітара ўздыхае самотна,
А на плошчах Гранады фламенко жыве,
Твае вочы асветлены быццам паходняй
Што запалена сэрцам ліцьвінскім ў імгле.
 

«а калі на гарышчы жніўня…»

 
а калі на гарышчы жніўня
вераснёвыя пожні заззяюць
таямнічым святлом сонцаліўня
барвай зжытага некалі траўня
 
 
у расхрыстаных душах наўкола
у вачох што стаміліся Поўняй
новым зыкам маланкавым мова
ўзнікне з мары тваёй маціцовай
 

«Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі…»

 
Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі:
Жоўтым лісцем сцеле прыбраныя дываны,
Гаманіць рачулкай, стомлена-халоднай,
І нябёсаў шэрасцю плача гэта восень.
 
 
Толькі ты ня чуеш, забыццём прачулы:
Пройдзеш крок у бок, сэрца не пачуе.
А наўкола свішча вецер нібы пугай
Цемра б’е няшчадна, ніб кат папругай.
 
 
Дождж вяроўкай слізкай абаўе наўкола:
І табе ад сонца не было нічога…
Бо лютуе восень, жоўта іклы шчэрыць —
Аняма тут свету, аняма тут веры…
 

Восеньская электрычка

Сесці ў човен і плысці ў нікуды, ніхто, ніадкуль

аж завершыцца эра і памяць растане на дне.

Час абраў нас. Абраў да апошніх лушпінаў. Пакуль

мы падымемся ў абсерваторыю, восень міне. (Айдас Марчэнас)


 
Вострыя, як відэльцы,
Слёзы кастрычніка
Ты малявала растаннем
Дрэваў і лісця.
Абапал калюжын,
У шэрасці сціслых,
З-за вокнаў няспешнай,
Як лёс, электрычцы.
І з кожным прыпынкам
Твой пэндзаль смялейша
Абрысы асенняй
Тугі вымалёўваў…
– Не, не, не турбуйцеся,
Ўсё нармалёва, 
Вусны шапаталі
Камусьці з «тутэйшых»…
Таму, хто, як восень,
З пачуццяў пажоўклых
Скідаў да калюжынаў
Час і прастору…
Таму, хто наладзіў
З кастрычнікам змову
І параструшчыў
Цяпло долам глёўкім…
 
 
Вострыя, як нажніцы,
Хмары кастрычніка
Ты малявала
Спатканнем з няверай…
– Дзякую, дзякую,
Свет, пэўна, не белы, —
Словы расталі
Ў пустой электрычцы.
 
Olete lõpetanud tasuta lõigu lugemise. Kas soovite edasi lugeda?