Tasuta

У чым яго крыўда?

Tekst
iOSAndroidWindows Phone
Kuhu peaksime rakenduse lingi saatma?
Ärge sulgege akent, kuni olete sisestanud mobiilseadmesse saadetud koodi
Proovi uuestiLink saadetud

Autoriõiguse omaniku taotlusel ei saa seda raamatut failina alla laadida.

Sellegipoolest saate seda raamatut lugeda meie mobiilirakendusest (isegi ilma internetiühenduseta) ja LitResi veebielehel.

Märgi loetuks
Šrift:Väiksem АаSuurem Aa

VI. О, вы шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці!

Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

Змагацца з нядоляй, з няволяй…

Янка Купала

О, вы шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцярэгчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя.

На жаль, Лявон жыў у малакультурную эпоху, калі, не хочучы, многія людзі мелі веру ў шчаслівы і нешчаслівы дзень.

І вось прыйшоў падобны дзень, хаця Лявон спачатку думаў, што ён будзе яму шчаслівы, і ў яго працягу ён не лічыў належна бяду бядою…

Аднак не варта забягаць наперад, бо што такое шчасце і што такое няшчасце пазнаецца заўсёды ў канцы ўсякае справы.

…Ах, ну ці ж гэта не нуда сядзець на лекцыях першы дзень пасля каляднага канікулярнага гуляння, толькі ўчора прыехаўшы з свайго родненькага Цёмналесся і ўлюбіўшыся там у дарагую, слаўненькую Лёксу?

Лекцыі – такія ж доўгія, цягнуцца яны, цягнуцца… званка чакаеш не дачакаешся.

На першай лекцыі – лекцыі жывёлагадоўлі – выкладчык Пашкін, кароценькі, але вагою на пяць пудоў, і з вялікаю, буйнаю галавою, ён жа старшыня і кіраўнік тутэйшага гуртка эсперынтыстаў, родам вельмі окаючы расеец-кастрамец, сорак пяць з зацяжкаю хвілін пералічаў усе адзнакі, па якіх найлепей пазнаваць малочную «ко-ро-ву». І ў беднай галаве, – нягледзячы на Лёксачкін абраз, які засеў там на ўсе вякі і на ўсе часы, – усё ж ткі мусілі застацца з лекцыі тыя галоўныя адзнакі: «вялікае малошнае люстэрка», «глыбокія малошныя равочкі на баку» (дзе якраз праходзіць нейкая жыла) і «гэткія ж равочкі на хрыбціне» (Бог святы спомніць, паміж каторых там пазвонкаў). І яшчэ застаўся, як з кожнае пашкінскае лекцыі, кастрамецкі спосаб вымаўлення – о, о, о: корова, солома, молоко…

Другая лекцыя расейская літаратура. Выкладчык Дуб-Дубовіч, па прозвішчы-то, мусіць, беларус папоўскага або шляхецкага карэння, а з пераконанняў заядлы вялікарасейскі патрыёт і афіцыяльны сябар тутэйшай арганізацыі «канстытуцыённа-дэмакратаў», сорак пяць хвілін – праўда, без зацяжкі – расхваліваў як мог дзяржавінскую оду «Бог». І ў беднай галаве, – нягледзячы на Лёксачкіны песні, якія заселі там пасля гуляння на Вадохрышчы, мусіць, на ўсе вякі і на ўсе часы, – усё ж ткі засталося: «Ода «Бог», напісаная геніяльнаю рукою расейскага паэта слаўнае кацярынінскае эпохі, Гаўрылы Раманавіча Дзяржавіна, перакладзена на ўсе культурныя мовы Эўропы і нават на мову прабуджаных да культурнага жыцця сыноў Усходзячага Сонца – мову японскую!»

О, вы – шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці… – можна было б на гэтым месцы ізноў завесці цэлую рацэю. Ды ці не лепей адкінуць «старыя словесы» і не «па замышленію Баяню», а зусім проста сказаць: трэба ж было пад гэты час трыумфавання оды «Бог», трэба ж было Задуме неасцярожна заварушыць пад партаю апошнім нумарам «Нашае нівы» так, што заўважыў Дуб-Дубовіч. Заўважыў названейка газеты і, замест усякай іншай кары, сказаў гэтак:

– З пэўнага поваду я прымушаны дадаць, што на мовах некультурных ці такіх, прыкладам, як… (ён тут асабліва націснуў)… як беларуская падгутарка паўдзённа-велікарускай гутаркі ў мове адзінага вялікага расейскага народу, выказаць магутнасць, веліч хараства, патужнасць гэтае слаўнае оды слаўнага паэта – немагчыма!

Пачырванеў Задума, як макаў цвет.

Трэцяя лекцыя – глебазнаўства. Выкладчык на імя Глеб Глебавіч Рамашкін, а па камплекцыі вялікі, светлаўласы і з белымі, як без вачэй зусім, расніцамі дзяцюк, родам з матушкі-Масквы, надаваў чамусьці надзвычай важнае значэнне слову «глеба». І, пераходзячы якраз да гэтага раздзелу, ён сёння хвілін сорак паўтараў, расхінуўшы свой вялізарны сіні камзол з арламі на жоўтых гузіках і ўзяўшыся за камізэльку абедзвюма рукамі каля пахаў, ходзячы і прыгінаючыся, як артыст, паўтараў сіпатым тэнаровым басам так:

– Поччва… поччва… поччва… это есть верррхній, более ілі менее рррыхлы… да-а, более ілі менее рррыхлый слой землі, покрррыты дерефьямі, кустарррнікамі, полллукустарнікамі, тррравамі.

І тут шыбка-шыбка пералічаў, якімі травамі і чым яшчэ – травамі: однолетнімі, двулетнімі і многолетнімі… грррібамі! лішаямі! мхамі!.. пофторіте, кгаспадін Задума!

О, бедны ты наш Задумачка! Загіпнатызаваны артыстычным рррыканнем і артыстычнымі рррухамі кгаспадзіна выкладчыка Рррамашкіна, ён мог паўтарыць толькі гэтак:

– Почва… гэта ёсць… больш ілі менш верхніх…

– Тпрфу-у-у! – рагочуць хлопцы.

– …Пажалста, без шуму! Продолжайте, кгаспадін Задума! Да-а, ррразумеецца, верррхній…

– Больш ілі менш рыхлы слой, пакрыты адналетнімі, двулетнімі і многалетнімі дзярэўямі…

Хлопцы ізноў фыркаюць. Усміхаецца і Рамашкін. Дужа міла ашчэрыўшыся, а потым артыстычна сціснуўшы ў канцах разрэзу рот, ён ціханька жартуе:

– Да-а і фамілію вам Кгасподь дал… задумываться… да-а!

Аднак, дзеля свае добрае натуры, ён не робіць больш ніякае ўвагі, а пачынае сам казаць яшчэ разок, што ёсць такое глеба. Ды зараз трашчыць званок, і рэшту лекцыі Глеб Глебавіч просіць («Прррашу… да-а!..») выўчыцца па яго запісках, друкованых на шапірографе і паступіўшых у продажы ў кніжнай краме мадам Хейфец.

Чацвертая лекцыя – хімія, колькасны аналіз – была самая нешчаслівая. Граза – выкладчык прыйшоў, выпіўшы таго, што ў арганічнай хіміі вядома пад назовам «цэ два аш пяць о аш» (C2H5OH). А выкладаў і ён таксама па запісках, – не дзеля асабістае славы, не! – а таму, што хоць і прызнаваў патрэбу падручнікаў у сучаснай школе, але ўсе, існаваўшыя ў расейскай мове, раз і назаўсёды зганіў, шануючы толькі нямецкі. Быў ён родам з Пазнані, зваўся Ян Янавіч фон Заёнц, палітыкай цікавіўся мала, але так ненавідзеў палякаў, што запісаўся ў «Саюз рускаво народа» і быў там самым акуратным платнікам сяброўскіх складак. Прадыктаваўшы без краю-крайняга даўгую формулу, ён сонным злюшчым і па-нямецку пэўным ува ўсім чыста голасам узяўся растлумачыць, што мела значыць формула ў вялікіх тайнасцях навукі хіміі…

А Лявон, узгадаваны на ціхіх дробнаўласных сялянскіх ідэалах, тым часам так салодзенька задумаўся! Ён летуцеў: вось каб адкупіць у пані балота «Мох», што побач з цёмналескім полем, правесці там канаўкі, залажыць дрэнаж, асушыць, паскарадзіць, пасеяць розную траву… Вось ён будуе сабе чысценькую хатку – і будзе жыць там з Лёксаю. Увечары, калі заходзіць сонейка, яны будуць адпачываць ад працы, вячэраць пад зялёнаю бярозаю на цёплым вольненькім паветры.

– Пофторіте, Задума, как, следофательно, получается эфта кіслая фосфорно-кіслая соль?

Збялеў Лявон як тая беленькая крэйдачка ў вечна дрыжачай п'яніцкай руцэ фон Заёнца, узняўся, стаў, стаіць…

– Не слушаете? – сказаў фон Заёнц. – Коемфуждо по делом ефо… – дадаў ён славянскі тэкст у ісціна расейскіх вуснах абнямечанага паляка, што азначала: «кожнаму па яго заслугах», і цвёрда, толькі трошку дрыгнуўшы рукою, вывеў нешчасліваму Задуме страшную, асабліва для скарбова-коштных вучняў, двойку.

Пасля лекцыі вечна вясёлыя сябры, каб супакоіць засмучанага Задуму, абступілі і развесялілі яго так:

– «Не слушаете?» А, закахаўся, галубок! (Казалі наздагад, а лучалі ў самае сэрца, гады.) Замаркоціўся коця-варкоця! Так-так! Ну, якая ж яна? Чарнявенькая? (Тут троху мыляліся, бо Лёкса ж русявая.) Як зоркі, вочкі, крумяны шчочкі? Ай ды наш Лявон! А дзе ж яна вучыцца? Мусіць, папоўначка, епархіялка? Ай шляхцяначка? Ай жыдовачка?

Так жартавалі вечныя дуронікі, а Лявон сумна разважаў… Не аб двойцы, не! усё гэта палепшыцца! Ён разважаў аб тым, што бедная Лёксачка засталася без навукі і нават невядома, ці здолее прачытаць яна і яго ліст, калі ёй напісаць, як сумненька яму тут без яе… Вось аб чым былі развагі. «Ат, няма нічога! – змірыўся ён нарэшце, – друкаванае ж у кніжцы яна добра разбірае… толькі што піша не вельмі…ць! Э, ці ў пісьменнасці ўсё шчасце? Каб было можна, пэўна ж і Лёксачка не засталася б без навукі… О, гэтая беднасць, гэтая несправядлівая сацыяльная няроўнасць! Будзьце вы прокляты ўсе, хто ў чарнасотніцкім «Саюзе рускаво народа». Хай жыве сацыялізм! Слава ўсім змаганнікам за лепшую будучыню чалавецтва!»

Так разважаў Лявон, пайшоўшы вялаю хадою на абед, так разважаў ён і абедаўшы, разважаў з нямалым біццём сэрца. Ён так узварушыўся, што ледзьве стрымаў слёзы, калі еў з супам піражок і думаў, што ні бацькі яго, ні Лёкса, ні ўсе цёмналесцы, апрача яго, як і цэлыя тысячы і мільёны бедных людзей, не маюць магчымасць на тыя піражкі… Такія рэфлексіі былі ў яго заўсёды, калі прыязджаў у горад з вёскі.

Па абедзе, калі ў працягу дзвюх з паловаю гадзін у пансіёне павінна быць ціха, сонна, нудна, закаханаму чалавеку найлепшы ратунак – хадзіць аднаму па шашы ў полі і, наставіўшы каўнер ад ёдкага ветру, слухаць, і як гудзяць далёкім светам тэлеграфныя стаўпы, і строіць бясконцыя развагі па сваёй натуры. Паціху сунецца звычайны, а ўжо паслякалядны зімовы вечар, і сцюдзёная меланхалічная паэзія сціскае сэрца.

Лявон так і зрабіў. Ён хадзіў там сёння, аж пакуль добра не пазяб, што-ткі прысілён быў ісці назад у пансіён.

Яшчэ раз к астатняму стаўпу прыпаў ён левым, укушаным Лёксачкаю, вухам і з асабліва войстрым і глыбокім сумным пачуццём зліўся мыслячай душою з гэтым аграмадным лікам розных дзіўных, маркотных, абняўшых увесь свет, гукаў-шумаў у гудзеўшым ад ветру тэлеграфным стаўпе.

– Гу-гу-гу! – пяяла там сусветная гісторыя ў сугалоссе з яго ўласнымі думкамі.

– Бом-бом-бом! – жалілася, як вецер і дождж, і плакала, як бяздольны чалавек ці хворае дзіця, бедная бацькаўшчына Беларусь, просячы аб сваім вызваленні, аб адраджэнні свае культуры.

– Шу-шу-шу… – шапталася там людское гора, людское шчасце…

І, адным словам, гаманілі там усе змыслы вечнасці, журба раскіданых прастораў і трудныя шляхі на іх ідэйнага чалавека.

 

– Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! – сказаў сам сабе Лявон Задума і пайшоў у пансіён.

Усе вучні пасля Каляд ужо з'ехаліся, і ўвесь будынак пансіённы ад чацвертай гадзіны да шостай – па абедзенным адпачынку да падрыхтоўкі лекцыі – гудзеў і грымеў.

Можа быць, горды і самотны дэман, пралятаючы над пансіёнам гэтаю парою ў горняй чорнай вышыні, чуе тут толькі такі самы шум, які бывае ў пчаліным вуллі, калі па ім стукнуць, увечары колькі разоў, а тады прыкласці вуха і слухаць. Шум бывае досыць музыкальны, але ціхі, мізэрны. (Між іншым, добры зямец сам гэтага не зробіць і другога не пахваліць.)

Але на мове невысокіх ад зямлі стварэнняў будзе лепш сказаць, што пансіён у гэтую пару шуміць, часам, як бабы ў цёмналескай лазні, часам, як багамольны «стары закон» у юдэйскай сінагозе, а часам, як сябры беларускай грамадскай установы на агульным сходзе або нават паседжанні.

У гэтую пару пансіянерам дазволена пяяць, іграць, скакаць і наогул «шумець».

І пансіён шуміць, заняўшыся хто чым… А ёсць тут хлопцы розных нацый і народнасцей і розных сацыяльных укладаў жыцця ў вялікай расейскай імперыі; яны прыехалі здабываць навуку ў Беларусі дзеля таго, што беларусы, па сваёй класічнай беднасці і гэткай жа цямноце, не займаюць тут на школьных лавах асабліва (дый не асабліва) шырокага месца…

Вось акуратны як у навуках, так і ў выпіўцы, так і ў музыкальных справах, белабрысы латыш Бэрзінь ужо добрую гадзіну выводзіць у пустым класе на скарбовай скрыпцы і па скарбовых нотах гамы. Ён пільнуе, каб локаць левае рукі быў чуць-чуць-чуць відаць правым вокам; каб шыйка скрыпкі была ў пальцах левае рукі, а не ляжала б на яе далоні; каб правая рука згібалася б толькі ў кісці, а не ў локці… І бедная скрыпка раве, як зарэзаная.

Вось пэўны, але не самахвальны ў сваіх здольнасцях эстонец Янсен іграе таксама на скарбовай, але добрай мандаліне вальс «На сопках Маньчжурыі», што ўвайшоў у моду пасля расейска-японскае вайны, – і аж у сентыментальнага Янсена блішчаць на вачах слёзы, пэўна ж, ад сумнай музыкі, а не ад вайны.

Вось данскі казак Рысякін, на мянушку «Бегемот», галёпае ў ніжнім паверсе, у зале з плінтусоваю падлогаю, як той кавалерыйскі конь на кордзе. Ён самастойна вучыцца скакаць мазурку, каб не плаціць без асаблівае патрэбы за скочную навуку ў школе скокаў знамянітага на ўвесь тутэйшы горад артыста з самае Варшавы, Ісака Шпрынглера.

Вось кіраўнік школьнае царкоўнае капэлы, прыгожы элеганцік Пеця Мальцаў, спачатку ходзіць і бурчыць, каб мець навекі ў слабой памяці парадак дыезаў і бемоляў… – «фадосольрэлямісі, сімілярэсольдофа… фадосольрэлямісі, сімілярэсольдофа!..» – чуецца ад яго хуценька-хуценька, многа-многа разоў. Потым, салодка задуманы, ён ціханька курняўкае маркотныя рамансы, пэўна, уяўляючы сябе ў пакоях самога пана дырэктара на імянінах маладзейшае дырэктаравае дачушкі.

Вось чорны, як жук, украінец Яўхім Грыцюк, заклаўшы рукі за спіну, грэе ля грубачкі плечы і апавядае, як хадзіў ён Калядамі ў залатаноскім павеце на вечарніцы… Наўкол яго найбольшы груд хлапцоў і часам гэткі рогат, што ажно столь дрыжыць і з яе сыплецца аблезлая пабела, а святло ў вялікай круглай вісячай лямпе фірмы «сонца» мігае і мітусіцца. Толькі сам Яўхім не смяецца, а трошачку ўсміхаецца.

А вось мяшанец з расейскай і беларускай народнасці, троху сухапары, але здаровенькі сынок паўпанка з Рослаўшчыны, Ражкоў, забраўся ў гардэроб, бясконцу перабірае ў сваёй скрыні дабро і кніжкі і безупынку, рупліва паядае то кончык каўбасы, то кавалачак пампушкі, то мачоны яблык, то камочак салодзенькага сыру, то ўсяго таго патроху, чым надарыла смаленская прырода яго мілых і не скнарых для свайго сыночка бацькоў-падпанкаў.

А вось і ён, наш стоўп пальшчызны, дваранін з барысаўскай засцянковай шляхты, сам пан Апалінары Лапць-Лапцеўскі, з якім вучні-маскалі, не ўзгадаваныя па-далікатнаму, маюць звычай дражніцца тымі словамі: «Благадару, я не куру, бо ваш табак, як трапка…» (каб паказаць яго цвярдое для іх «р»). Пагаліўся, пачысціў баціначкі, памыўся (раз на тыдзень) дарагім «Сакрэтам хараства», зачасаўся, як цырульнік або ангельскі прэм'ер-міністр, уздзеў манішку і манкеты, абліўся незвычайна пахнючаю парфумаю, абгарадзіўся партамі з усіх бакоў, паставіў ля сябе ж картку ў асадцы з чарвівых чарапашак… і піша… піша ёй… уздыхне, падумае, салодка закоціць маленькія і глыбокія вочкі… і піша… Сцеражэцеся ісці там гэтым часам! Пан Апалінары зробіцца з вамі заклятым ворагам навекі, калі вы хоць троху кінеце смяшлівым вокам.

Ну, а Лявон?

Ходзіць ён, ходзіць як непрытульны, з кута ў кут, па ўсім пансіёне ходзіць… Часам падыдзе да акна і, як замучаны паэт, пажурыцца ў незамёрзлы кавалак шыбы, як там, на дварэ, ужо цямнее рана-невясёла, бялеецца сіне-сыпучы снег, круцяцца ў паветры марозныя сняжынкі, дзьме-замятае касякамі снегу замятуха, – і смутна ж яму, смутненька на сэрцы, і нудна ж яму, нудненька ўсё навакол.

Охо-хо-о! Сярод гэтага пансіённага тлуму і гоману, а злашча паглядзеўшы на снег і на пустую вуліцу, стаіць яму ўваччу дарагая Лёксачка, як другім часам, калі б не былі заняты думкі, стаяла б яму ўваччу двойка, што-ткі заляпіў нягодны Заёнц па хіміі.

Праўда, не столькі, можа, стаяла сама Лёксачка, колькі тая салодкая, паміма волі троху ліслівая думка, што вось і ён так дужа пакахаў, мучаецца… Сэрца прыемна млела ад успамінкаў, як сядзелі яны ўдваіх на судніку першы раз, як стаялі потым у сенцах, у куточку, як… ай, ой, што гэта было… пацалаваў яе… як ён асмельваў яе ў тым іхным такім харошым, чыстым, увазвышаным каханні, бо яна ўсё, дурненькая, баялася, што ён вучоны, а яна простая…